Караеў: У нядзелю ў кватэрах менчукоў затрымалі тых, хто кідаў камяні ў міліцыю



Сілавікі, што ўварваліся ў кватэры менчукоў 25 кастрычніка, не парушылі законы, а затрымалі людзей, якія кідалі ў міліцыю камяні, заявіў міністр унутраных спраў Юрый Караеў у эфіры праграмы „Зразумелая палітыка. Плюс” на тэлеканале „Беларусь 1”.

„Тая зараджаная на бойку частка людзей, якая ішла ў першай шарэнзе, станавілася ў счэпцы (бачылі гэтых п’яных, якія заклікалі грудзьмі на калючы дрот кідацца і АМАП), у рэшце рэшт, не дабіўшыся сутыкнення і ідучы з вуліцы Арлоўскай назад у спальны раён, убачылі на шляху Цэнтральнае РУУС і некалькі машын органаў унутраных спраў і сталі закідваць іх камянямі. Калі да іх ужылі спецсродкі (усяго толькі святлошумавыя гранаты), каб адагнаць іх і захапіць тых, хто гэта рабіў (гэта злачынцы), яны забеглі — 30 чалавек прыкладна — у адзін дом. У іх „на плячах”, натуральна, увайшлі супрацоўнікі органаў”, — апісаў сітуацыю Караеў.

Паводле яго слоў, кадры, „дзе нашы ўваходзяць у кватэру, падавалі як заход у прыватнае жыллё, парушэнне чагосьці, прыватную ўласнасць”. „Але паводле закона аб органах унутраных спраў супрацоўнік міліцыі мае права ўваходзіць у памяшканні, калі мае дастатковыя падставы меркаваць, што там хаваецца злачынец, чалавек, які здзяйсняе або здзейсніў злачынства”, — заявіў кіраўнік МУС.

Супрацоўнікі міліцыі, сказаў ён, не ведалі, увайшлі пратэстоўцы „ў загадзя падрыхтаваныя кватэры сваіх прыхільнікаў або проста ўварваліся ў кватэры добрапрыстойных грамадзян, якія ні сном ні духам”, і павінны былі гэта спыніць.

„На гэтых відэа бачна, што ніякай жанчыны, якая віскатала, крычала, была напалоханая, нашы не бралі. Узялі толькі тых, хто наўпрост са сцягам у руцэ хаваецца за гэтых жанчын, канфіскавалі… Гэта менавіта тыя, хто кідалі камяні. Даюць ужо паказанні”, — сказаў міністр.

Ён таксама заявіў, што на пратэсты выйшлі „сытыя людзі, у якіх мазгі заплылі тлушчам ад бестурботнага і спакойнага жыцця”.

belapan.by