Караткевіч абскардзіць вынікі выбараў
Кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч ды яе штаб збіраюцца абскардзіць Вярхоўным судзе вынікі сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта заявіў кіраўнік штаба Андрэй Дзмітрыеў на прэс-канферэнцыі.
Каманда Караткевіч плануе абапірацца на матэрыялы, сабраныя кампаніяй назірання «Права выбару».
Андрэй Дзмітрыеў: «Мы будзем выкарыстоўваць тыя факты, якія былі сабраныя назіральнікамі ўсіх палітычных партый і рухаў, а таксама праваабаронцамі, каб абскардзіць гэтыя вынікі. Не важна, што нам адкажа суд, важна паказаць грамадству, што мы змагаемся за галасы».
Каардынатар кампаніі Дзяніс Садоўскі, назваў выбары непразрыстымі і недэмакратычнымі. Ён канстатаваў завышэнне яўкі, прыпіскі і выбарчыя «каруселі» — калі той самы чалавек галасуе на некалькіх выбарчых участках.
Палітыкі Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ) і Віталь Рымашэўскі (аргкамітэт БХД) таксама заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў.