Караткевіч не збіраецца здымацца з выбараў
Таццяна Караткевіч, нягледзячы на заклікі некаторых прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці адмовіцца ад удзелу ў выбарах прэзідэнта, здымацца не збіраецца.
Па яе словах, удзел у прэзідэнцкіх выбарах – гэта працяг той кампаніі, якая была пачата два гады таму –”Народнага рэферэндуму”. Яе правяла кааліцыя ў складзе грамадскай ініцыятывы „Гавары праўду”, Партыі БНФ, Руху „За свабоду”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) ды іншых:
– Распрацавалі сваю стратэгію і тактыку, як дамагчыся мірных пераменаў. У ёй удзел у палітычнай кампаніі, такой як прэзідэнцкія выбары, было абазначана як удзельнічаць. У нас ёсць дамова з людзьмі, якой мы прытрымліваемся. Здымацца не буду – гэта не проста маё рашэнне, гэта кааліцыйнае рашэнне. З самага пачатку, як мы пачалі збіраць подпісы, людзей турбуе пытанне: “Ці будзеце вы здымацца?”, для іх гэта галоўнае.
„Таму я не магу падмануць чаканні людзей”, – падкрэсліла Таццяна Караткевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск