Карбалевіч: Канфлікт можа быць вырашаны толькі поўнай перамогай аднаго з бакоў



Святлана Ціханоўская пачала 3-дзённы працоўны візыт у Берлін. Лідарка беларускіх пратэстоўцаў сустрэнецца з міністрам замежных справаў Нямеччыны Хайка Маасам і канцлеркай Ангелай Меркель. Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары Ціханоўская сказала, што хацела б сустрэцца і з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, каб зразумець, чаму той падтрымлівае Лукашэнку.

Між тым, палітычны аналітык Валер Карбалевіч мяркуе, што рэальны ўплыў Захаду на беларускую сітуацыю мінімальны, а Пуцін будзе рабіць тое, што найперш выгадна Крамлю, а не Еўропе:

– Сапраўды, сітуацыя патавая, сітуацыя раўнавагі, сітуацыя акопнай вайны паміж уладамі і пратэстуючым грамадствам. Паколькі перамовы немагчымыя па прычыне таго, што Лукашэнка адмаўляецца весці перамовы з другі бокам канфлікту, то канфлікт можа быць вырашаны толькі поўнай перамогай аднаго з бакоў. Цяпер цяжка ў сярэдзіне працэсу прагназаваць, што можа быць далей.

Разам з тым, Карбалевіч дапускае, што развязка палітычнага крызысу ў Беларусі можа быць нечаканай для ўсіх. Паколькі й падзеі апошніх месяцаў, пачынаючы з траўня, для ўсіх выглядалі вельмі нечакана:

– Няўдалых дзеянняў уладаў, якія спрычыніліся да гэтага крызісу, было вельмі шмат. Таму, калі ўлады зробяць чарговы нейкі самастрэл, то можа адбыцца выбух. Гэта можа быць і эканамічны чыннік, і нейкая дамова, пагадненне з Расеяй, якая моцна б’е па беларускім суверэнітэце. Гэта таксама можа выклікаць выбух.

«Вуліца», на думку палітолага, па-ранейшаму мае ўплыў і больш пашыранае значэнне. Бо да звыклае вулічнае актыўнасці далучыліся згуртаванні людзей у гарадскіх дварах і мікрараёнах.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя