Карпянкоў і Назаранка прызначаныя новымі намеснікамі міністра ўнутраных спраў



Першым намеснікам міністра ўнутраных спраў — начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі прызначаны Юрый Назаранка. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

Раней ён займаў пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі.

Тэлеграм-канал „Пул Першага” растлумачыў, што Генадзь Казакевіч, які дагэтуль займаў пасаду першага намесніка кіраўніка МУС, „захоўвае пасаду намесніка міністра, але без прыстаўкі „першы” і застаецца начальнікам крымінальнай міліцыі”. „Дарэчы, раней першым намеснікам быў той, хто курыруе крымінальную міліцыю. Цяпер — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі. Таго патрабуе сітуацыя і час”, — гаворыцца ў паведамленні.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) Мікалай Карпянкоў прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў — камандуючым унутранымі войскамі.

Карпянкоў і яго падначаленыя вызначыліся актыўным удзелам у задушэнні вулічных пратэстаў у Мінску. У інтэрв`ю тэлеканалу „Беларусь 1” у сярэдзіне кастрычніка Карпянкоў параўноўваў удзельнікаў акцый пратэсту з „арганізаванымі злачыннымі групамі па прынцыпе 1990-х гадоў”. „Салдаты каляровай рэвалюцыі, „змагары”, Па-сапраўднаму мужыкоў, якія любяць сваю краіну, там няма. Найлепшае іх параўнанне — арганізаваныя злачынныя групы на прынцыпе 90-х гадоў, якія хочуць на сацыяльных ліфтах з бандытаў, раней судзімых людзей падняцца і стаць або палявымі камандзірамі, або дэпутатамі, якіх ім шчодра абяцае Ціханоўская. Яны хочуць зарабіць грошай”, — заяўляў Карпянкоў.

„І самых небяспечных „востракапытных” мы з вуліцы прыбяром. Любы, хто падыме руку з заточкай на супрацоўніка праваахоўных органаў, па іх будзе выкарыстаная агнястрэльная зброя”, — папярэдзіў Карпянкоў.

belapan.by