Карту паляка атрымалі каля 75 тысяч грамадзян Беларусі
За дзевяць гадоў карту паляка атрымалі прыблізна семдзясят пяць тысяч грамадзян Беларусі. Паведаміў пасол Польшчы Конрад Паўлік на сваёй першай прэс-канферэнцыі ў Менску.
Пасольства правяло аналіз выкарыстання карты. Прыкладна 13% атрымалі карту і не выкарыстоўваюць яе — гэта ў асноўным пажылыя людзі, для якіх карта з’яўляецца сімвалічным дакументам. 87% уладальнікаў карты паляка карыстаюцца ёй для прыезду ў Польшчу, але большасць з іх карыстаецца толькі для таго, каб атрымаць бясплатную візу — сказаў пасол. Конрад Паўлік адзначыў, што ўладальнікі карты паляка могуць атрымліваць у Польшчы права на жыхарства, адукацыю ды скідкі на праезд у грамадскім транспарце. І падкрэсліў, што гэта – маральны абавязак Польшчы перад палякамі, якія жывуць на постсавецкай прасторы. Усяго выдадзена прыблізна 170 тысяч картаў паляка, з іх 75 тысяч — у Беларусі, прыкладна 70 тысяч — ва Украіне, астатнія — у іншых суседніх з Польшчай краінах.