Касьянаў: Аб’яднанне з Беларуссю было галоўным сцэнаром утрымання ўлады Пуціным



Аб’яднанне з Беларуссю было галоўным сцэнарыем утрымання ўлады прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, але ён не спрацаваў.

Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр РФ у 2000—2004 гадах Міхаіл Касьянаў у эфіры радыёстанцыі  „Эхо Москвы”  13 лютага.

„У лістападзе—снежні ўсе глядзелі вакол перамоў з Беларуссю. З беларускім прэзідэнтам Уладзімір Пуцін сустракаўся, напэўна, раз шэсць па некалькі гадзін, — адзначыў Касьянаў. — І такая трата часу прэзідэнта на кіраўніка іншай дзяржавы, не занадта важнай. Гэта ж не прэзідэнт ЗША. Але важнасць Лукашэнкі за гэтыя два месяцы ў вачах расіян і тых, хто сочыць за палітыкай у Расіі, вырасла вельмі моцна. Усе зразумелі, што адпрацоўваецца галоўны сцэнарый, тое, што ў Крамлі называюць транзітам. Галоўны сцэнарый, я кажу, сцэнарый утрымання улады”.

„Ён не спрацаваў, і ў студзені пайшло іншае: адразу ж, не чакаючы нічога, у вельмі хуткім тэмпе, аж вось адразу пасля навагодніх святаў [былі ініцыяваныя папраўкі ў Канстытуцыю Расіі]”, — сказаў экс-прэм’ер, які ўзначальвае апазіцыйную Партыю народнай свабоды (ПАРНАС).

18 снежня ў інтэрв’ю „Радыё Свабода” Касьянаў выказаў меркаванне, што Аляксандра Лукашэнку нельга прымусіць да аб’яднання з РФ, „але купіць, напэўна, можна, і Пуцін і яго асяроддзе гэта разумеюць”. „Для Пуціна і яго атачэння беларускі сцэнарый, а менавіта паглынанне Беларусі і стварэнне новай дзяржавы, як хочаце яе называйце, Расія, там, плюс ці як хочаце. Гэта новая Канстытуцыя, гэта фактычна ўсё пачынаецца з нулёў, я маю на ўвазе тэрміны прэзідэнцтва [Пуціна], таму для яго гэта самы прыгожы варыянт. Я ўпэўнены, што паліттэхнолагі крамлёўскія лічаць, што яны здолеюць пераканаць насельніцтва, што цар Уладзімір Пуцін, ён настолькі добры, што вось ён збіральнік рускіх зямель: Крым сабраў, зноў вярнуў, вось Беларусь зноў вярнуў і г.д. І паабяцае яшчэ што-небудзь вярнуць”, — заявіў Касьянаў.

Пры гэтым, на яго думку, такі сцэнарый наўрад ці можна рэалізаваць: „Беларускі прэзідэнт Лукашэнка, як называйце, прэзідэнт легітымны, нелегітымны, ужо цяпер ён пераабярэцца зноў — гэтым разам ён, бачыце, не даў ніводнаму квазіапазіцыянеру атрымаць месца ў парламенце, гэта значыць, што ён гэтак жа маналітна будзе абраны на наступны тэрмін прэзідэнтам Беларусі, і ён будзе працягваць тую ж гульню. Ён будзе патрабаваць ад Расіі больш і больш грошай, бо эканоміка яго не можа існаваць у той канструкцыі, у якой сёння ёсць, без расійскіх датацый”. „Але расійская ўлада будзе працягваць спробы нейкім чынам паглынуць Беларусь”, — выказаў меркаванне Міхаіл Касьянаў.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа