Кацора: Аб’яднанне апазіцыі не адбылося па аб’ектыўных прычынах
Гомельскі палітык Уладзімір Кацора песімістычна ацэньвае вынікі мінулага 2019 года з пункту гледжання страчаных шанцаў на дэмакратычныя перамены.
Аднак ён лічыць, што аб’яднанне апазіцыі не адбылося па аб’ектыўных прычынах:
– Калі вынікі для дэмакратычных сілаў, то, на жаль, яны не аб’яднаныя. Яны не могуць супрацьпаставіць сур’ёзную працу гэтаму рэжыму. На жаль, пакуль не бачна, каб з’явіўся нейкі рэсурс чалавечы, фінансавы, лідар нейкі, які мог бы аб’яднаць і павесці нас наперад. Гэта аб’ектыўна, на мой погляд, пакуль не можа быць, і яно можа здарыцца толькі тады, калі будзе нейкі абвал. Лукашэнка ўвесь час і правільна кажа, што гэта эканамічны абвал.
Уладзімір Кацора ў 2019 годзе балатаваўся на парламенцкіх выбарах па Гомельскай-Сельмашаўскай акрузе №32 Гомеля. Аднак пасля неўключэння прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў склад участковых камісіяў, дэмакратычны кандыдат адмовіўся працягваць удзел у выбарчай гонцы. Правёўшы агітацыю, у якой ён рабіў акцэнт на неабходнасці змены ўлады ў Беларусі, ён зняў сваю кандыдатуру напярэдадні галасавання.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель