Кацярына Глод: Улады Беларусі зацягнулі краіну ў статус агрэсара
Расейскія войскі працягваюць наступ на Украіну. Паводле звестак з двух бакоў, сухапутныя войскі наступаюць на тэрыторыю Украіны адразу па некалькіх напрамках, у тым ліку з Беларусі. Аднак Міністэрства абароны Беларусі абвяргае такую інфармацыю.
Сітуацыю каментуе палітолаг Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі (ЗША) Кацярына Глод:
-Я лічу, што Беларусь адназначна з’яўляецца бокам канфлікту. І ўлады Беларусі ўцягнулі краіну ў статус агрэсара. Нягледзячы на тое, што ў Канстытуцыі Беларусі замацавана, што Беларусь захоўвае нейтралітэт. Паступаюць пацверджаныя паведамленні, што расейская вайсковая тэхніка прарывала мяжу з Украінай і ішла з тэрыторыі Беларусі. Зараз паступіла пакуль не пацверджаная інфармацыя, што балістычныя ракеты выпушчаныя з боку Беларусі. То бок, Беларусь стала часткай аперацыі.
Кацярына Глод таксама пракаментавала заяву Святланы Ціханоўскай, якая ў сувязі з падзеямі абвясціла пра стварэнне пераходнага кабінета як нацыянальнага органа улады:
-Святлана Ціханоўская сказала, што бярэ на сябе абарону нацыянальных інтарэсаў Беларусі, і ў прынцыпе фармальна гэта так і ёсць. Але на практыцы гэта не транслюецца ў нейкія палітычныя дзеянні. То бок, гэта не мяняе сітуацыю ў Беларусі. То бок, тут хутчэй за ўсё трэба чакаць развіцця падзей у самой Украіне.
Па словах Кацярыны Глод, такая сітуацыя ўмяшання Беларусі ў фактычную вайну Расеі, выклікае незадаволенасць беларусаў. Наступствамі будзе як падзенне рэйтынгу Лукашэнкі, так і немажлівасць паўтарэння Менскіх пагадненняў, паколькі Украіна больш не бачыць у Беларусі нейтральную краіну.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя