Кавалеўскі: Міжнародная супольнасць захоўвае цвёрдую пазіцыю адносна Лукашэнкі
Міграцыйны крызіс стаў цэнтральнай тэмай сустрэчы Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.
Пра гэта ў нашым эфіры распавёў кіраўнік Кабінету Ціханоўскай Валер Кавалеўскі:
– Палякаў вельмі турбуе тое, што робіць рэжым Лукашэнкі. Нявінных людзей, мігрантаў, кідаюць праз мяжу для таго, каб падарваць нацыянальныя інтарэсы Польшчы, адначасова мы бачым гэта і ў Літве. Фактычна Лукашэнка выкарыстоўвае людзей і абсалютна не клапоціцца пра тое, што з гэтымі людзьмі будзе. А зараз, калі набліжаецца зіма, для гэтых людзей гэта будзе асаблівае выпрабаванне. І менавіта гэта вельмі турбавала прэзідэнта Польшчы: што будзе з імі, як будзе ўлічвацца гуманітарны складнік. І польскі бок неаднаразова прапаноўваў накіроўваць канвоі для гэтых людзей з абсталяваннем, з цёплымі рэчамі, з харчаваннем, каб палегчыць іх умовы, пакуль яны знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.
РР: У вырашэнні гэтага міграцыйнага крызісу, якое бачанне прапануе Святлана Ціханоўская? Можа варта размаўляць з Лукашэнкам, і тады не будуць самалёты везці мігрантаў у Менск і пасля на мяжу з Еўразвязам?
Валер Кавалеўскі: У гэтай сітуацыі трэба праявіць цвёрдасць, каб не даць Лукашэнку выкарыстаць міграцыйны крызіс для таго, каб адкрыць дыялог дзеля самаго Лукашэнкі. Бо менавіта гэтага ён дамагаецца. Ён спрабуе выкарыстаць гэты крызіс, каб набыць нейкую легітымнасць. Трэба праявіць цвёрдасць і гуманнасць да гэтых людзей, але ні ў якім разе не дазваляць, каб Лукашэнка фактычна раскалоў шэрагі міжнароднай супольнасці. Лукашэнка з’яўляецца злачынцам. Ён захапіў уладу пасля выбараў 2020 году. І з таго часу штодзённа парушае закон. І калі ёсць месца для дыялогу, то гэты дыялог павінен быць паміж рэжымам і грамадствам для таго, каб прыйсці да новых выбараў. Але ні ў якім разе, каб пусціць Лукашэнку зноў, як таго казла ў агарод, для таго, каб ён рабіў што хацеў на міжнароднай арэне. Гэта недапушчальна!
РР: Міграцыйны крызіс спарадзіў чарговы пакет санкцый, якія Еўропа зараз збіраецца ўвесці супраць рэжыму Лукашэнкі. Санкцыі – гэта дзейсны інструмент ціску на Лукашэнку?
Валер Кавалеўскі: ЕЗ распрацоўвае новы пакет санкцый. Яны думаюць, якія імёны туды ўвойдуць, але таксама і пра тое, якія прадпрыемствы могуць увайсці. І сярод іншых называецца “Белтэлекам”, які спрычыніўся да адключэння інтэрнэту, а таксама фінансавая інфраструктура Беларусі. А менавіта дзяржаўныя банкі, якія кантралююць прыкладна 70% усяго фінансавага рынку. І гэтыя санкцыі могуць сапраўды стаць вельмі сур’ёзным ударам па фінансавым дзяржаўным сектары. Гэта ўжо сігнал для рэжыму пра тое, што міжнародная супольнсасць захоўвае цвёрдую пазіцыю адносна Лукашэнкі.
Мы, беларусы, і міжнародная супольнасць дэманструем, што назад дарогі не будзе. Лукашэнка не будзе ніколі лідарам нашай краіны. Бо ён парушыў закон і ён мусіць сысці. І ён мусіць адказаць перад законам.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя