Казахстан не стане дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі ЗША і Еўразвяза



Казахстан не стане дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі ЗША і Еўразвяза. Пра гэта ў інтэрв’ю выданню Euractiv заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Казахстана Цімур Сулейменаў.

Заява прагучала падчас візіту чыноўніка ў Брусель на перамовы з прадстаўнікамі ЕЗ. Па словах Сулейменава, Казахстан будзе выконваць міжнародныя санкцыі. „Нягледзячы на тое, што мы з’яўляемся часткай эканамічнага саюза з Расеяй, Беларуссю ды іншымі краінамі, мы таксама з’яўляемся часткай міжнароднай супольнасці. Таму менш за ўсё мы хочам, каб да Казахстана ўжываліся другасныя санкцыі ЗША і ЕЗ”, — патлумачыў ён.

Гаворачы пра тое, што Расея называе сваю агрэсію супраць Украіны „спецаперацыяй”, Сулейменаў адзначыў, што без праблем называе рэчы сваімі імёнамі. Казахстан паважае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. “Мы не прызнавалі і не прызнаем ні сітуацыю з Крымам, ні сітуацыю з Данбасам, таму што іх не прызнае ААН”, — падкрэсліў Сулейменаў.