Казахстан выступае супраць палітызацыі ЕАЭС
Казахстан выступае супраць палітызацыі ЕАЭС і кансалідаванага адказу на заходнія санкцыі, вынікае з апублікаванага 5 чэрвеня каментара казахстанскага Міністэрства замежных спраў.
„Казахстан прытрымліваецца пазіцыі, што інтэграцыйныя працэсы ў межах ЕАЭС маюць выключна эканамічны характар. Традыцыйна адзначаем непрымальнасць надзялення органаў еўразійскай інтэграцыі неўласцівымі функцыямі, выступаем супраць палітызацыі аб’яднання”, — гаворыцца ў каментары.
„У кантэксце абмеркавання ініцыятыў, якія выходзяць за межы прадмета рэгулявання Дагавора аб ЕАЭС, у тым ліку па прымяненні мер у адказ на санкцыйныя дзеянні трэціх краін, зыходзім з таго, што санкцыі Захаду маюць у сваёй аснове, перш за ўсё, палітычныя матывы і накіраваныя супраць асобных дзяржаў, а не ўсяго ЕАЭС”, — падкрэслівае МЗС Казахстана.
„Адзначаем, што Рэспубліка Казахстан ніякіх перамоў пра „кансалідаваныя меры” краін ЕАЭС у адказ на санкцыі іншых дзяржаў не вядзе. У працы з партнёрамі па еўразійскай інтэграцыі гаворка можа ісці толькі пра сумесныя дзеянні па недапушчэнні негатыўнага ўплыву такіх санкцый на сацыяльна-эканамічнае развіццё нашых дзяржаў”, — адзначае знешнепалітычнае ведамства Казахстана.
Пра тое, што на прапанову Беларусі ў ЕАЭС выпрацуюць меры па супрацьдзеянні санкцыйнай палітыцы, паведаміў віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка 21 мая паводле вынікаў пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло ў рэжыме відэаканференцыі.
3 чэрвеня намеснік міністра замежных спраў Расеі Аляксандр Панкін заявіў, што ў ЕАЭС прапрацоўваецца кансалідаваны адказ на заходнія санкцыі.