«Казакі» папрасілі дазволу стаць вайсковым злучэннем



Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускае казацтва» плануе рэарганізавацца ў «Беларускае казачае войска», заявіў вярхоўны атаман арганізацыі Мікалай Улаховіч на сёмым вялікім крузе казакоў у Менску. Аб’яднанне мае 20 гадоў і за гэты час галоўнай мэты – адраджэння беларускага казацтва – дасягнулі, як заявіў Улаховіч. Цяпер ён ставіць мэтай ствараць «Беларускае казачае войска» па прыкладзе Расеі:

– Сёння варта казаць пра стварэнне беларускага казачага войска па прыкладзе таго, што ёсць у Расеі. Беларусь – гэта памежная дзяржава ў дачыненні да краін НАТА, а таксама Беларусь – памежная праваслаўная дзяржава. З той прычыны, што беларускія казакі бяруць прыклад з расейскага казацтва, мэтазгодна правесці рэарганізацыю беларускага казацтва згодна з беларускім заканадаўствам.

Паводле Мікалая Улаховіча, Беларусі неабходныя спакой і парадак, а не хаос. А такія арганізацыі, як Партыя БНФ, ён параўнаў з Ісламскай дзяржавай.

Паводле БелаПАН