Казначэеў: Далучыць да праймерыз шырокае кола грамадства пакуль не атрымалася



Дэмакратычная кааліцыя пачала праймерыз – галасаванне па вылучэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Нагадаем, што ў гэтай працэдуры ўдзельнічаюць кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў, старшыня Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова і Павел Севярынец.

Сённяшні госць Рацыі – публіцыст, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вадзім Казначэеў: 

– Я спадзяюся, што будзе нейкая цікавасць у людзей да праймерыз. І яны будуць браць у ім удзел. Толькі застаецца, што на гэта спадзявацца. А тое, што галасаванне праходзіць, гэта добра. Бо такога ніколі не было раней. І ўжо пра гэтую кампанію пачалі актыўна гаварыць, абмяркоўваць яе, нават пакуль яна яшчэ не пачалася. Цікавасць, безумоўна, не на тым роўні, як хацелася б. Але ўсё ж яна ўзрастае. І гэта само па сабе добра, бо мэта кіроўнага рэжыму – гэта апалітычнасць, апатыя, гатовасць прыняць тую сітуацыю, якая ёсць, і закансерваваць яе наколькі магчыма. А задача апазіцыі, на маю думку, якраз абуджаць гэтую цікаўнасць да палітычных падзеяў.

РР: Не чакаеце “сюрпрызаў” ад уладаў? Яны могуць правесці выбары нашмат хутчэй, чым як бы зараз плануецца напрыканцы жніўня. Ужо з’явіліся звесткі, што могуць правесці нават у чэрвені.

Вадзім Казначэеў: Я б не назваў гэта звесткамі, гэта хутчэй чуткі. Хутка даведаемся, я думаю. Не думаю, што ў іх ёсць такая пільная патрэба. Бо Лукашэнку ж таксама трэба праводзіць нейкую сваю кампанію. У сэнсе нават не тое, што перамога на выбарах. Бо выбараў, я падкрэсліваю, у Беларусі няма. Ясна, што намалююць патрэбны вынік. А ў плане таго, што трэба даказваць людзям, што ён лепшы. І на гэта будзе скіравана прапагандысцкая машына. Пакуль я гэтага не бачу. Прапаганда працуе ў звычайным рэжыме. Але гэта будзе рабіцца, у мяне няма сумненняў.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск