Казус Наўседы: нельга дыскрымінаваць паводле пашпарту



Літоўскі прэзідэнт Гінтанас Наўседа стварыў прэцэдэнт: яго пракінуў парламент. Пракінуў па беларускай тэме. Наклаў вета на рашэнне прэзідэнта дыскрымінаваць беларусаў паводле пашпарту. Больш канкрэтна – забараняць беларусам атрымліваць бонусы ў літоўскай дзяржаве за тое, што ў нас акупацыйны рэжым Лукашэнкі.

Прывітанне, з вамі Севярын Квяткоўскі. І ў «Тэме дня» мы гаворым пра сучасную Літву. А менавіта пра прэзідэнта Гінтанаса Наўседу.

Больш дакладна – пра пазіцыю часткі літоўскага грамадства, якую агучыў спадар Наўседа. Вядзецца пра жаданне прыраўняць беларусаў і расейцаў.

Толькі вось жа нявыкрутка. Расейцы масава падтрымалі імперыялізм Пуціна, а беларусы ў большасці выступілі супраць «бульбянога пюрэра», як называюць Лукашэнку ў сацыяльных сетках.

У інтэрв’ю «Радыё Свабода» літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс патлумачыў пазіцыю прэзідэнта Літвы: (цытую) «Фокус увагі беларусаў павінен быць не на тым, як атрымаць літоўскае грамадзянства, а на тым, як набліжаць перамены ў Беларусі (канец цытаты)».

Што ж, я гатовы наблізіць перамены, і нават у марах не меў намеру атрымаць замежнае грамадзянства. Што мне рабіць?

Згадаем досвед літоўцаў, шмат якіх трапілі ў сталінскі Гулаг. Што яны маглі рабіць пасярод тайгі? Перадаваць дзецям літоўскую культуру. Мову, гісторыю, літаратуру, фальклор.

Што вымагае сёння ад беларусаў літоўскі прэзідэнт ці палітолаг, які каментуе словы прэзідэнта?

Нічога канкрэтнага. Я, як публіцыст, магу сабе дазволіць выказаць перадпалажэнне, што рэжым Лукашэнкі можна скавырнуць толькі вайсковым шляхам.

Прычым, не толькі вонкавай інтэрвенцыяй, але і знутры – дыверсійнай дзейнасцю.

А да каго апелюе прэзідэнт Наўседа? Да літоўцаў, якія не надта адрозніваюць беларусаў, украінцаў і расейцаў, і проста баяцца, што «рускія» іх зноў акупуюць.

То бок, гаворка пра тактыку. Але не пра стратэгію. Калі пра аддаленую будучыню, то літоўцам як грамадству вельмі важна пазбавіцца ад псіханутага суседа, якім ёсць Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі.

І тут я апладую дэпутатам літоўскага парламенту. Яны думаюць пра будучыню сваёй краіны.

Усім тым дэпутатам, якія аспрэчвалі пазіцыю Наўседы, не будзе сорамна казаць, што яны за дэмакратыю.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя