КДБ: Андрэй Уцюрын затрыманы пры атрыманні хабару
Андрэй Уцюрын, які да нядаўняга часу займаў пасаду намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі, затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні хабару ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры, вынікае з паведамлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
„Следчым упраўленнем КДБ выстаўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 („Атрыманне хабару”) КК Рэспублікі Беларусь, Уцюрыну Андрэю Аляксандравічу. Напярэдадні ён быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні 148.600 долараў ЗША ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры „Г” за спрыянне ў прасоўванні яе інтарэсаў у Рэспубліцы Беларусь. Апошняму выстаўленае абвінавачанне ў даванні хабару”, — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце КДБ 4 мая.
Адзначаецца, што абодва абвінавачаныя прызналі віну па гэтым эпізодзе ў поўным аб’ёме. Да іх прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. КДБ працягвае неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні.
Інфармацыя пра затрыманне Уцюрына паводле падазрэння ў атрыманні хабару з’явілася ў СМІ і телеграм-каналах 29 красавіка, аднак у Камітэце дзяржбяспекі на той момант яе каментаваць адмовіліся. У прыёмнай Савета бяспекі ад каментароў таксама адмовіліся.
1 мая на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны ўказ прэзідэнта ад 24 красавіка, згодна з якім палкоўнік Андрэй Уцюрын вызвалены ад пасады намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі „за правіны, што дыскрэдытуюць званне ваеннаслужачага”.
Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе (Расія). У 1992 годзе скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча МУС Расіі, у 2002 годзе — Акадэмію МУС Беларусі. З 1992 па 1995 гады займаў розныя пасады ў сістэме органаў унутраных спраў Беларусі, пазней — у службе бяспекі прэзідэнта. З 2007 па 2014 гады ўзначальваў гэтую службу. У 2014 годзе быў прызначаны намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі. Узнагароджаны медалём „За бездакорную службу” III і II ступеняў, ордэнам „За службу Радзіме” III ступені.
Фота sputnik.by