КДБ арыштаваў маёмасць сям’і Чыжа
Камітэт дзяржаўнай бяспекі працягвае расследаваць справу Юрыя Чыжа, які доўгі час лічыўся самым паспяховым беларускім бізнэсоўцам.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», у рамках расследавання 14 сакавіка 2016 года Камітэтам дзяржаўнай бяспекі была вынесена пастанова аб накладанні арышту на маёмасць Чыжа. Паводле яе, арыштаваная ўся нерухомасць, якой валодаў Юрый Чыж, у тым ліку дом у Драздах, а таксама рэзідэнцыя ў катэджным пасёлку Лагожаск пад Лагойскам.
Гэта звычайная практыка, якая прымяняецца на час расследавання. Аднак у сітуацыі з Чыжом сілавікі дзейнічалі яшчэ больш рашуча. Паводле той самай пастановы, арыштаваная нерухомасць, зарэгістраваная на членаў сям’і апальнага мільянера.
Жонка, Святлана Чыж, мела свой катэдж у «Лагожаску». Ён арыштаваны.
У дачкі Таццяны арыштаваны яшчэ адзін катэдж у «Лагожаску», а таксама пяціпакаёвыя апартаменты ў знакамітым доме на Старажоўскай, у так званым «доме Чыжа».
Нарэшце, накладзены арышт і на палову катэджа ў Зацані, якая належыць Сяргею Чыжу, старэйшаму сыну бізнэсоўца.