КДБ Беларусі затрымаў дырэктара ўкраінскага завода



Дырэктар украінскага ПАО „Завод уцяжарвальнікаў” Аляксандр Скіба прыехаў у камандзіроўку на Менскі трактарны завод і быў затрыманы супрацоўнікамі беларускага Камітэта дзяржбяспекі.

Пра гэта гаворыцца ў лісце в.а. старшыні праўлення завода Казьменкі на імя амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма ад 16 лістапада.

У звароце сцвярджаецца, што Скіба прыляцеў у Менск 15 лістапада ў камандзіроўку на перамовы з ААТ „Менскі трактарны завод”, з якім ва ўкраінскага прадпрыемства існуе дамова аб пастаўках прадукцыі для ліцейнай вытворчасці.

Дырэктар меў намер вярнуцца ў Кіеў у той жа дзень, пра што паведаміў па тэлефоне ў 19.20.

Аднак наступны раз на сувязь Скіба выйшаў ужо раніцай 16 лістапада – ён патэлефанаваў жонцы з чужога беларускага нумару і паведаміў, што яго затрымалі супрацоўнікі КДБ Беларусі.

Пры гэтым прадстаўнік КДБ Беларусі не паведаміў абставінаў і мэты затрымання, паабяцаўшы ператэлефанаваць, калі ўзнікне такая неабходнасць.

Украінскі бок накіраваў ноту з патрабаваннем афіцыйна патлумачыць, за што быў затрыманы ў Менску грамадзянін Украіны, дырэктар „Завода уцяжарвальнікаў” Аляксандр Скіба. 

Пазней украінскі амбасадар заявіў, што затрыманаму ў Беларусі дырэктару завода інкрымінуюць хабарніцтва.

gordonua.com