КДБ: Чыж з хуткасцю 220 км/г накіроўваўся ў бок заходняй мяжы



Кампанія „Трайпл”, якую ўзначальваў Юрый Чыж, з 2012 года пераводзіла ў наяўныя і выводзіла з падаткаабкладання сродкі праз маскоўскую фірму, паведаміў на брыфінгу 15 сакавіка ў Менску старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык.

Даведаўшыся пра вобшук у офісе, гендырэктар „Трайпла” Юрый Чыж 11 сакавіка пачаў уцякаць у бок літоўскай мяжы, а потым выехаў на берасцейскую трасу.

„У пятніцу, 11 сакавіка, былі атрыманыя доказы датычнасці да злачынства самога Чыжа. Па яго загаду ў Расеі была створаная фірма, якая не вяла гаспадарчую дзейнасць. Заснавальнік – грамадзянін РФ, ён жа памочнік і кіроўца Чыжа. „Трайпл” перадаў ёй права на таварны знак. Штомесяц „Трайпл” пераводзіў ёй вялікія сумы ў выглядзе платы за таварны знак. Потым гэтыя грошы пераводзілі ў наяўныя. Дырэктар кампаніі, ён адзіны супрацоўнік, атрымліваў наяўныя і перадаваў так званаму „касіру” „Трайпла”. Той – Чыжу. Такіх фірмаў было досыць шмат”, – сказаў Вакульчык.

З ягоных слоў, Чыж, даведаўшыся, што ідуць следчыя дзеянні ў офісах „Трайпла”, з хуткасцю 220 км/гадзіну рушыў у кірунку дзяржмяжы. „Быў задзейнічаны план перахопу. Ехаў на Захад, у бок літоўскай мяжы, потым на берасцейскую трасу”, – сказаў Вакульчык.

Вакульчык падкрэсліў, што для затрымання Чыжа санкцыі Лукашэнкі не патрабуецца.

„Пастанова прымалася вельмі хутка, я ведаў, што не магу ўжыць захады для затрымання без падстаў, з другога боку разумеў, што могуць з’явіцца падставы для прыцягнення да адказнасці. Пастанову прымаў я. Я выразна ведаю пазіцыю Лукашэнкі – недатыкальных няма”, – сказаў ён.

„Калі хтосьці патрапіў у кадр з Лукашэнкам ці гуляў з ім у хакей, то ніякіх асаблівага падыходу няма. У іх хутчэй асаблівая адказнасць. Яны павінны яе несці ўдвая і ўтрая. Трэба быць крышталёва чыстым перад законам”, – сказаў ён.

„Я ведаю, што ў выпадку нядбайнасці з майго боку сам мог апынуцца на месцы Чыжа. Але ўсё павінна быць пацверджанае доказамі!”, – дадаў ён.

Як паведамлялася раней, у мінулую пятніцу супрацоўнікамі КДБ быў затрыманы ўладальнік „Трайпла”, набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец Юрый Чыж.

Сёння стала вядома пра тое, што ў Магілёве быў затрыманы сябар Юрыя Чыжа, кіраўнік кампаніі „Сервалюкс” Яўген Баскін і чацвёра ягоных падначаленых.

news.tut.by