КДБ прад’явіў абвінавачванні чацвярым затрыманым па справе аб спробе дзяржаўнага «перавароту»
Чацвярым затрыманым па справе аб спробе дзяржаўнага «перавароту» выстаўлены абвінавачанні, усе яны даюць прызнальныя паказанні, заявіў начальнік аддзела следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Канстанцін Бычак.
«Затрыманым асобам прад’яўлены абвінавачанні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу – гэта змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Усе яны даюць прызнальныя паказанні і актыўна супрацоўнічаюць са следствам», – сказаў Бычак у эфіры праграмы «Зразумелая палітыка плюс» тэлеканала «Беларусь 1».
На дадзены момант вядомыя імёны трох затрыманых па гэтай справе: старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітолаг Аляксандр Фядута і адвакат Юры Зянковіч. Імя чацвёртага фігуранта не называлася.
Бычак паведаміў, што аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы КДБ вёў больш за шэсць месяцаў. Паводле яго слоў, «усе этапы супрацьпраўнай дзейнасці дакументаваліся і фіксаваліся, у тым ліку з дапамогай тэхнічных сродкаў аб’ектыўнага кантролю».
Бычак заявіў, што цяпер у інтарэсах следства падрабязнасці праведзенай аперацыі паведаміць не можа. Аднак абяцае, што бліжэйшым часам грамадскасці будуць прадстаўлены ўсе падрабязнасці.
Беларускае Радыё Рацыя