У Менску каля будынку КДБ прайшла акцыя памяці



У Менску людзі з партрэтамі ахвяраў НКВД і свечкамі стаялі на прыступках будынку цяперашняга КДБ Рэспублікі Беларусь. Тыя, у каго не было свечак, стаялі з запаленымі ліхтарыкамі. Акцыя, якая пачалася а 19-й гадзіне, прайшла спакойна. У яе канцы ўдзельнікі паставілі на прыступкі свечкі і знічкі, пасля чаго разышліся. У „ланцугу” памяці ўзялі ўдзел вядомыя асобы Вольга Нікалайчык, Ніна Багінская, Марына Адамовіч, Максім Вінярскі, палітыкі Вячаслаў Сіўчык і Мікалай Статкевіч, які выступіў перад прысутнымі, назваўшы іх героямі.

***

Споўнілася 80 гадоў, калі ўночы з 29 на 30 кастрычніка тагачасным НКУС былі расстраляныя больш за сотню дзеячаў беларускай культуры розных нацыянальнасцей. У іх ліку Міхась Зарэцкі, Тодар Кляшторны, Міхась Чарот ды іншыя. Усяго былі рэпрэсаваныя ў тыя часы 600 тысяч беларусаў, 200 з якіх загінулі. Грамадскія рухі “Разам” і “Дзея” зараз арганізуюць аб’езд месцаў, дзе ў Менску расстрэльвалі ахвяр рэпрэсій. А 19-й мусіць адбыцца “ланцуг памяці” ля будынка КДБ, які арганізуе Мікалай Статкевіч. Але, паводле яго, органы прэвентыўна і рэпрэсіўна арганізуюць зрыў акцыі. Ля хаты, маўляў, дзяжураць іх мікрааўтобусы, ідзе запалохванне ўдзельнікаў.

Тым не менш, як кажа Мікалай Статкевіч, акцыя адбудзецца. А 17-й гадзіне ён запрасіў да хаты журналістаў, з якімі разам паедзе да галоўнага будынка КДБ на праспекце Незалежнасці, куды запрашае ўсіх прыходзіць са свечкамі, знічамі і партрэтамі забітых.

Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск