КДБ уключыў Ціханоўскую, Латушку, Матольку ў спіс асоб, датычных да тэрарызму



Камітэт дзяржбяспекі ўключыў беларускага дэмакратычнага лідара, экс-кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую і кіраўніка Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання, былога дыпламата Паўла Латушку ў пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

У пералік дададзеныя таксама блогер Антон Матолька, адзін з заснавальнікаў аб’яднання былых сілавікоў BYPOL Андрэй Астаповіч, былы супрацоўнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Станіслаў Лупаносаў, былы супрацоўнік спецпадраздзялення МУС „Алмаз” Ігар Макар і інш.

Падставай для ўключэння ў гэты пералік стала абвінавачанне вышэйназваных асоб па ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў альбо пажыццёвага зняволення, альбо смяротнага пакарання.

belapan.by