КДБ выкрыла 36 агентаў спецслужбаў, пакарала 13



За апошнія пяць гадоў выяўленая і спыненая разведвальная дзейнасць 36 супрацоўнікаў і агентаў спецслужбаў замежных дзяржаў. 13 з іх прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, яшчэ аднаго абмянялі на дваіх беларускіх грамадзян, асуджаных за мяжой. Пра гэта паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык у інтэрв’ю газеце „Советская Белоруссия”, апублікаваным 20 снежня.

Гаворачы пра дзейнасць разведак суседніх краін, Вакульчык адзначыў: „Выклікаюць здзіўленне агрэсіўныя метады работы літоўскіх спецслужбаў, у тым ліку мэтанакіраваныя правакацыі, якія ў цывілізаваным свеце засталіся ў мінулым. Пра гэта, напэўна, можна было б і не казаць, калі б аб’ектамі гэтых правакацый не рабіліся нашы грамадзяне, якія наведваюць суседнюю дзяржаву як турысты або па службовых пытаннях, нашы грамадзяне, якія маюць там сваякоў або сяброў, камерцыйныя інтарэсы. Вядома ж, гэта недапушчальна. І наўрад ці спрыяе ўмацаванню і развіццю адносін. Асабліва з улікам той акалічнасці, што беларускі транзіт істотна папаўняе бюджэт Літвы”.

Паводле інфармацыі старшыні КДБ, толькі сёлета на 15 гадоў пазбаўлення волі асуджаны грамадзянін Беларусі, завербаваны літоўскімі спецслужбамі. Распачатыя дзве крымінальныя справы па артыкуле „Здрада дзяржаве”, яшчэ адна справа накіраваная ў суд.

У гэтым годзе таксама асуджаны грамадзянін Беларусі — былы старшы афіцэр. „Будучы шляхам шантажу і пагроз завербаваны замежнай разведкай, ён збіраў і перадаваў звесткі, якія ўяўляюць дзяржаўныя сакрэты. Спрабаваў уцягнуць у супрацьпраўную дзейнасць сваіх былых калегаў. Але нягледзячы на прадпрыманыя яго куратарамі меры бяспекі і канспірацыі, здраднік быў выкрыты, яго віна цалкам даказаная ў судзе, і ён атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму”, — распавёў Вакульчык.

„Супрацьпраўная дзейнасць падобных асоб выклікае сур`ёзную заклапочанасць беларускай контрразведкі, бо шкода ад іх можа мець значныя негатыўныя наступствы для нацыянальных інтарэсаў краіны, яе абараназдольнасці і бяспекі. Варта адзначыць, што тыя „ганарары” (а мы ведаем, пра што гаворым), якія плацяць замежныя спецслужбы сваім агентам, не вартыя немінуча працяглых тэрмінаў зняволення, якія чакаюць здрадніка, зламанага лёсу, грамадскага ганьбавання, сораму для яго сям`і і блізкіх”, — лічыць кіраўнік КДБ.

Кажучы аб павелічэнні фактаў выкрыцця кадравых супрацоўнікаў і агентаў замежных спецслужбаў, Вакульчык звярнуў увагу на дзве асноўныя тэндэнцыі. З аднаго боку, паводле яго слоў, гэта „сведчыць пра большую актыўнасць разведорганаў замежных дзяржаў, з іншага — пра значны рост прафесіяналізму беларускай контрразведкі”. „І, вядома, пра высокую самааддачу нашых супрацоўнікаў”, — дадаў кіраўнік КДБ.

Вакульчык таксама пракаментаваў затрыманне ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі: „Мяркую, што на пытанне па акалічнасцях справы Шаройкі найбольш поўны адказ ужо даў сам затрыманы, які прызнаў сваю віну. Кожны, хто цікавіўся, мог бачыць гэта асабіста па ТБ. Мяркую, што падчас асвятлення працы па згаданых матэрыялах КДБ ужо надаў агалосцы больш чым дастаткова звестак як адносна праблематыкі, што цікавіла замежную разведку, так і пра вынікі расследавання”.

„Я не думаю, што правільна надаваць столькі ўвагі прыкладу Шаройкі. Ён усяго толькі адзін з дзесяці выкрытых за апошнія пяць гадоў замежных разведчыкаў. Мы не аддаем падобныя факты агалосцы, разумеючы, што гэта не спрыяе добрым адносінам паміж краінамі. І ў дадзеным выпадку ініцыятыва абнародавання інцыдэнту зыходзіла, як вы ведаеце, не ад нас. Зараз крымінальная справа ў дачыненні да Шаройкі знаходзіцца на завяршальнай стадыі, так як да моманту яго затрымання ўжо была сабраная вычарпальная доказная база, а само яго затрыманне насіла чыста тэхнічны характар”, — паведаміў Вакульчык.

belapan.com