КДБ затрымаў Уладзіміра Ціхіню



Камітэт дзяржаўнай бяспекі затрымаў былога начальніка 2-га аддзялення ГУБАЗіК Міністэрства ўнутраных спраў Уладзіміра Ціхіню. Пра гэта ў сваім Telegram-канале напісаў блогер NEXTA.

У каментары «Нашай Ніве» затрыманне Ціхіні пацвердзіў яго сын: «Бацька быў затрыманы 24 студзеня, знаходзіцца ў СІЗА КДБ». Разам з тым, сын сцвярджае, што затрыманне не звязанае з хабарам, як заяўляў блогер NEXTA.

Уладзімір Ціхіня яшчэ з 1990-х гадоў лічыўся галоўным змагаром са злодзеямі ў законе. У адстаўку ён сышоў у снежні мінулага года, атрымаўшы пры гэтым ганаровы медаль МУС.

Адной з апошніх спраў Ціхіні было расследаванне гучнага забойства беразінскага бізнесоўца Мяцельскага. Яго знайшлі ў згарэлым аўтамабілі ў верасні 2016 года.

Беларускае Радыё Рацыя