КДБ завяршыў папярэдняе расследаванне справы «Белгазпрамбанку»



Следчым упраўленнем Камітэта дзяржаўнай бяспекі скончанае папярэдняе расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да топ-менеджараў ААТ „Белгазпрамбанк”, паведамляе прэс-служба КДБ.

„Арганізатару злачыннай дзейнасці, былому старшыні праўлення ААТ Белгазпрамбанк” Віктару Бабарыку выстаўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК Рэспублікі Беларусь, па фактах атрымання хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі („адмывання”) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры адпаведна”, — гаворыцца ў паведамленні.

Намеснікам старшыні праўлення банка Сяргею Шабану, Аляксандру Ильясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, а таксама былым першаму намесніку старшыні праўлення Аляксею Задойку і намесніку старшыні праўлення Сяргею Дабралёту выстаўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК.

Заснавальніку ТАА „Актыўлізінг” Віктару Кабяку выстаўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства згодна з ч. 2 арт. 431 КК (даванне хабару ў буйным памеры).

Крымінальная справа перададзеная абвінавачаным і іх абаронцам для азнаямлення.

„Усе фігуранты цалкам прызналі сваю віну ў інкрымінаваных ім злачынствах, за выключэннем В.Бабарыкі”, — адзначаецца ў паведамленні.

11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук у межах крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Большасць членаў праўлення „Белгазпрамбанка” былі затрыманыя. Пасля гэтага Нацбанк увёў на шэсць месяцаў, з 15 чэрвеня, у банк часовую адміністрацыю і яе кіраўніком прызначыў Надзею Ермакову. Паўнамоцтвы праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам прыпыненыя.

„Газпром” і „Газпромбанк” яшчэ да пачатку працы часовай адміністрацыі назвалі дзеянні Нацбанка па прызначэнні новых кіраўнікоў „Белгазпрамбанка” незаконнымі і з лета гэтага года адмаўляліся ад супрацоўніцтва з часовай адміністрацыяй.

Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, які пакінуў банк у маі гэтага года ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах, 18 чэрвеня быў затрыманы паводле абвінавачання ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці ў гады, калі кіраваў банкам. Пры гэтым прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што ў крымінальным пераследзе Бабарыкі няма палітычнай падаплёкі. Сам ён перакананы ў адваротным.

belapan.by