КГБ выпусціў прапагандысцкі фільм «Бесы тэрору»
КГБ выпусціў чарговы прапагандысцкі фільм пад назвай «Бесы тэрору». Што да галоўнага пасылу, на мой погляд ён такі. У Кіеве незаконны ўрад, а «рэжым», Служба бяспекі Украіны – тэрарыстычная арганізацыя, якая хоча забіваць мірных беларусаў.
У фільме мы бачым некалькі затрыманых, у кожнага свая гісторыя. Адзін з іх гаворыць, што рыхтаваўся рабіць дыверсіі на чыгунцы ў Беларусі супраць расейскіх войскаў на карысць перамогі Украіне. Агучанае цалкам адпавядае афіцыйнай пазіцыі ўкраінскага кіраўніцтва, якое трымае нейтралітэт што да Беларусі. Але не да расейскіх войскаў дзе б яны не былі.
Пры ўсім пры тым рэжым Лукашэнкі дагэтуль застаецца саўдзельнікам вайны, пастаўляючы ў Расею тавары вайсковага прызначэння, і трымаючы на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых, а таксама бандфармаванне «Вагнер».
У фільме шмат дэталяў, якія раскрываюць разнастайныя нюансы, у тым ліку і не на карысць КГБ ці Памежнага камітэту.
Так, мы дазнаемся, што праз украінска-беларускю мяжу абазнаныя людзі спакойна ходзяць туды-сюды, і могуць нават рабіць сховішчы зброі і выбухоўкі.
Аднаго такога грамадзяніна Украіны КГБ затрымаў. А колькіх не?
У фільме адзін з затрыманых – маргінальны чалавек. Мужчына з залежнасцю ад азартных гульняў і алкаголю. Так нам паведамілі.
Калі б яму не пагражала смерць за дзяржздраду і замах на тэрарызм, я б назваў сітуацыю камічнай, калі нібыта ён у кадры нібыта з выбухоўкай нават не можа ўскараскацца на невысокі чыгуначны адхон, бо нібыта ён п’яны.
Чаму кажу «нібыта», бо верыць КГБ нельга ў прынцыпе. Так, яны бяруць нейкія канкрэтныя факты, і дамешваюць да іх свае фантазіі і пастаноўкі.
Вось вам паказваюць выбухоўку, вось электрычка з людзьмі, вось невядома каго фігура хістаецца на адхоне побач з рэйкамі, і вось яго затрымліваюць.
Дык чаму не далі зрабіць закладку выбухоўкі, каб злавіць з палічным? Не знялі абвінавачанага на камеру, каб было бачна што гэта ён, і ён робіць дыверсію?
У рэальнасць герояў паверыць можна, але ўсё астатняе – адна суцэльная маніпуляцыя.
У фільме выразна чуваць фальшывыя інтанацыі затрыманых на допыце. Апроч двух усе астатнія гавораць як па нотах, напісаных ім следчым.
Сацыялогія сведчыць, што адназначна за Расею даўно меншасць беларусаў. Таму нішчыць расейскую тэхніку цалкам сабе дазваляльна.
Іншае пытанне ці на тэрыторыі Беларусі. Як да гэтага паставяцца.
Агульны пасыл такі, што ўсе затрыманыя цалкам маргіналы, і дзейнічалі выключна за грошы. Двое мужчын у кадры хутчэй за ўсё такія маргіналы і ёсць. Астатнія мне падаюцца цалкам ідэйнымі.
Але КГБ хоча паказаць, што ідэйных байцоў у Беларусі няма.
Па Беларусі не прынятае палітычнае рашэнне ні ва Украіне, ні ў яе заходніх саюзнікаў. Сітуацыя на паўзе.
Але беларускі КГБ нам паказаў, што не толькі яны працуюць, але і па іх працуюць.
Эфект ад прапаганды ў два бакі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя