Характарыстыка новых беларускіх эмігрантаў Польшчы
Польскі дзяржаўны даследчы цэнтр імя Мерашэўскага зрабіў сацыялагічнае даследаванне сярод новапрыбылых беларусаў у Польшчу ў 2020-2023 годзе. Падрабязнасці па спасылцы: file:///C:/Users/User/Downloads/bialoruska-emigracja-w-polsce-by-www%20(2).pdf.
Крыху больш за 20% працэнтаў новапрыбылых ні ў якім разе не хочуць вяртацца ў Беларусь. Шмат ці мала – гэта вельмі адноснае паняцце. Як па мне – не так і шмат.
Прыблізна столькі ж пры любой магчымасці вернуцца. Тут варта разумець, што знікне пагроза быць арыштаваным. Пры якіх абставінах з’явіцца такая магчымасць па вялікім рахунку не ведае ніхто.
Прыблізна каля 20% вагаюцца.
Па сабе ведаю, што калі ты ўцякач, то на аднаўленне псіхаэмацыйнага фону патрэбны не адзін месяц, а камусьці не адзін год.
На рашэнне людзей уплываюць розныя фактары. Хтосьці прайшоў праз катаванні. Хтосьці быў блізкі да таго, каб трапіць за краты надоўга, але быў выпушчаны з сутак з распачатай крымінальнай справай, і эвакуяваўся з дапамогай ці то арганізацыі BYSOL, ці то сам праз балаты, гушчары ды рэкі.
А хтосьці спакойна сабраўся, і фактычна рэлакаваўся. Прычым, з тым самым даходам і тымі самымі выдаткамі.
А хтосьці згубіў бізнес і быў вымушаны займацца таксаваннем, пекарствам, слесарствам, то бок перажываць каласальны стрэс.
Калі рыхтаваў гэты выступ, прачытаў у пабліку беларусаў Варшавы, што жанчына з дачкой вымушаныя харчавацца на 40 злотых у дзень на дваіх. У перакладзе на беларускія рэаліі гэта прыблізна 17 рублёў на чалавека, плюс-мінус, залежыць ад скачкоў курсаў.
Таму меркаванні беларусаў маюць пад сабой самыя розныя ўплывы.
Хтосьці думае пра Новую Беларусь, Беларусь будучыні, а хтосьці мае псіхалагічны бар’ер, дзе Беларусь лукашэнкаўская ўзору назаўжды такой і застанецца. Бо калі чалавеку трэба выжываць, у яго няма часу вывучаць прагнозы аналітыкаў і спакойна ўзважваць «за» і «супраць».
У выніку ў названым сацыялагічным даследаванні маем 45% новых эмігрантаў, якія хочуць назаўжды застацца ў Польшчы.
А больш за 80% апытаных лічаць, што польская палітыка адносна беларусаў адзіная ў свеце максімальна спрыяльная. Расейская ў самым канцы графіку ў ацэнцы пяці дзяржаваў, якія мяжуюць з Беларуссю.
Польскія сацыёлагі падкрэсліваюць, што беларусы ў Польшчы не рэпрэзентуюць усю Беларусь, а толькі тую актыўную групу, якая звязаная між сабою цывілізацыйным падабенствам.
Тут зразумела, што ябацькі засталіся дзе і былі – пад крылом у свайго патрона Лукашэнкі.
Будзем глядзець змены ў меркаваннях беларусаў у Польшчы ў дынаміцы.
На развітанне нагадаю, што колішні прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус вярнуўся на радзіму з ЗША, а колішняя прэзідэнтка Эстоніі Вайра Віке-Фрейберга – з Канады.
Магчыма, у Польшчы ці іншай краіне гартуецца новы прэзідэнт новай Беларусі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя