“Хартыя – 97” патрабуе фінансавай падтрымкі
Галоўны рэдактар сайта “Хартыя – 97” Наталля Радзіна звярнулася з заклікам да сваіх чытачоў і просьбай дапамагчы фінансава інфармацыйнаму сайту, які апынуўся пад пагрозай спынення працы.
Да закліку аб дапамозе прывяла адсутнасць падтрымкі з боку замежных фондаў – кажа рэдактарка:
– Рэзка скарацілася падтрымка з боку заходніх фондаў, якія падтрымліваюць дэмакратыю, у тым ліку і ў Беларусі. Гэта адбываецца на фоне паляпшэння адносін заходніх чыноўнікаў з рэжымам Лукашэнкі. Вельмі складаная сітуацыя зараз у многіх беларускіх незалежных СМІ. Адбываецца рэзкае скарачэнне падтрымкі як незалежных СМІ, так і ўсёй грамадзянскай супольнасці. Я проста бачу ў гэтым пагрозу для ўсёй журналісцкай супольнасці ў Беларусі.
Польшча і Літва працягваюць падтрымку інфармацыйнага рэсурсу, але гэтай дапамогі недастаткова, каб забяспечыць нармальную працу “Хартыі – 97”. Адразу пасля звароту да чытачоў на банкаўскі рахунак сталі паступаць грошы, – кажа Наталля Радзіна:
– Мы ўжо атрымліваем дапамогу. Мы вельмі ўдзячныя кожнаму чалавеку, які пералічыў хаця б адзін даляр. Сёння сапраўды такая сітуацыя, што калі беларусы не будуць дапамагаць сваім медыя, то ім прыйдзецца чытаць чужыя. Таму дзякуй усім і давайце будзем разам і будзем ратаваць і падтрымліваць адзін аднаго!
Як дадае галоўны рэдактар сайта “Хартыі – 97”, з-за блакіроўкі на тэрыторыі Беларусі скараціліся і магчымасці самафінансавання. Тым не менш, больш за палову чытачоў ужо ўдалося вярнуць. “Людзі актыўна абыходзяць блакіроўку сайта, бо шукаюць свабодную інфармацыю”, – адзначае Наталля Радзіна.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя