Херсон: расейскія акупанты адкрылі агонь па мітынгоўцах
На сувязі з Беларускім Радыё Рацыя – Херсон. Імя нашага суразмоўцы не называем у мэтах бяспекі.
РР: Ёсць інфармацыя, што падчас сённяшняга мітынгу супраць расейскай акупацыі расейскія вайскоўцы пачалі страляць. І сярод мірных жыхароў нават ёсць пацярпелыя.
Жыхар Херсона: Так, сёння, на жаль, быў першы інцыдэнт. Расейскія салдаты закідалі наш мітынг светлашумавымі гранатамі. Стралялі ў паветра, але таксама і па нагах. Ёсць чацвёра параненых. З іх дваіх забрала хуткая дапамога, у пажылога мужчыны раненне ў нагу. Важна сказаць, што не само па сабе так атрымалася. Я лічу, што яны ўсё ж такі вырашылі паказаць, што яны чагосьці вартыя ў нас, у Херсоне. Таму што цягам трох тыдняў у нас мітынгі праходзяць кожны дзень. І мітынгі праходзілі мірна. Яны адкрылі толькі адзін раз агонь у паветра. Але ўчора так атрымалася, што ў Херсоне быў забіты памочнік дэпутата гарсавета, які выступіў як калабарант. Яго забіла, магчыма, нашае падполле. І ўчора падчас мітынгу расейскія вайсковыя грузавікі спрабавалі праехаць на плошчу. Але нашыя людзі іх не пусцілі. Такое складвалася ўражанне, што ў Херсоне вельмі моцна ставяць на месца расейцаў. І херсонцы вельмі ўпэўнена сябе адчуваюць, нават нягледзячы на іх прысутнасць. Я мяркую, што сёння яны вырашылі зрабіць нейкі зваротны ход. І так брутальна разагналі наш мітынг.
Нагодай яны зрабілі наступнае – у нас на цэнтральнай плошчы ёсць помнік Героям Нябеснай Сотні. І на гэтым помніку расейцы напісалі, што нашы ЗСУ – гэта забойцы дзяцей. Такі правакацыйны надпіс зрабілі. І павесілі надпіс, што да помніка нельга падыходзіць. Нашы людзі туды пайшлі, канешне. І тады расейскія вайскоўцы атрымалі нагоду разагнаць наш мітынг. Зараз мы чакаем, што заўтра ў 12 гадзін у нас будзе вялікі мітынг, які пакажа, хто сапраўдны гаспадар у нашым горадзе.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ВГОРУ. Новости Херсона