БХД заклікае берасцейскіх дэпутатаў паразмаўляць пра малы памежыны рух



На тэму малога памежнага руху хочуць пагутарыць берасцейскія прадстаўнікі партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з мясцовымі дэпутатамі. Яны запісаліся на сустрэчу да народных прадстаўнікоў на 14 кастрычніка. Каардынатар БХД па Берасці Аляксандар Храпко спадзяецца, што дыялог пройдзе на пазітыўнай хвалі і будуць разгледжаны варыянты магчымай супрацы:

–     Нядаўна атрымалі адказ у пісьмовай форме пра далейшае прасоўванне ідэі збору подпісаў людзей за гэтую ініцыятыву. Мы спадзяемся, што сустрэча пройдзе прадуктыўна, будуць прапанаваны нейкія шляхі супрацы з нашымі ініцыятывамі. Ну, магчыма, яны будуць нам неяк дапамагаць у рэалізацыі праекта.

Некалькі дзён таму актывісты БХД атрымалі пазітыўны адказ ад Берасцейскага абласнога Савета дэпутатаў на дасланыя подпісы ў падтрымку паскарэння рэалізацыі дамовы пра беларуска-польскі малы памежны рух. Дэпутаты накіравалі запыт у Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь пра перспектывы ўступлення ў сілу беларуска-польскай дамовы “Аб правілах памежнага руху”.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота novisa.by