Хто абароніць ад Кітая і Расеі?



Некалі задумаўся, што відавочны знешні вораг хутчэй сфармаваў бы нацыянальную свядомасць беларусаў. Чаму Расея з яе апетытамі не выглядае такой для многіх, зразумела. Выхаванне ў расейскім свеце стрымлівае ўсведамленне сваіх асобных беларускіх інтарэсаў. Але няўжо беларусы не бачаць пагрозы ні ад каго ўвогуле?

У нас нечаканая міралюбнасць. Заявы Лукашэнкі пра агрэсіўныя намеры калектыўнага Захаду (Еўропы і ЗША) падымаюцца на смех. Да Расеі асцярога не ва ўсіх. Як бы вядома, што Расея з Захадам на нажах, дзеліць сферы ўплывы і правакуе яго падлодкамі з самалётамі, а Захад насустрач войскі сцягвае, але беларусам не шманае!

Лагічна ж: калі нехта ў гэтай сварцы агрэсар, то ад некага зыходзяць і захопніцкія намеры, бо перадзел свету ж. А нашым людзям цяжка скласці 2 і 2, што мы, як і раней на скрыжаванні, па нас і праехаць могуць. Увогуле Пуцін кажа, што адбудоўвае СССР, тут бы і задумацца… Няўжо складана – вылічыць, якое дачыненне Беларусь мае да СССР і яго аднаўлення?

Увогуле тут яшчэ дзейнічае піэтэт перад Захадам з часу перабудовы і распаду СССР. Камунізм паў, СССР пайшоў у нябыт, з Захаду – флюіды дэмакратыі і рынку. Галівудскія фільмы, моднае адзенне, прагрэсіўная навука і г.д. Як Захад можа быць дрэнным? Ніяк! І асабліва пасля ўмацавання дыктатуры Лукашэнкі, які закрываў Беларусь ад Захаду, Захад рабіўся ўсё мілейшы і мілейшы.

Хаця зноў незразумела. Заходнімі каштоўнасцямі людзі прасякаліся, і Захад казаў, што СССР – імперыя зла, паказваў у кіно расейскіх імперыялістаў, мілітарыстаў, камуністаў і крыптакамуністаў, а потым расейскую мафію – але якраз гэтай часткай заходніх наратываў беларусы не прасякаліся. То-бок, ад імперыі мы аддзяліліся і бачым, што ў Маскве дагэтуль мараць аднавіць СССР, шануюць Леніна і Сталіна, але пагрозы заходнім каштоўнасцям з боку Расеі, пагрозы камуністычнага рэваншу беларусы ў вялікай масе не бачаць!

Добра, спішам гэта на той жа расейскі культурны код і на кволыя ўяўленні, што Расея таксама прасякнулася заходнімі каштоўнасцямі. Дапусцім. І тады ў масавай свядомасці беларусаў і Расея, і Захад – гэта адзіны вестэрнізаваны кангламерат, добры да Беларусі. І тады Беларусь з уладай Лукашэнкі – нейкі унікум і анамалія, якая невядома якім чынам выскачыла.

Тут цяплей, хаця анамалія – у мысленні беларускага грамадства. Выхаванне беларусаў у СССР не проста прышчапіла ім расейскі код, але і выхавала ў беларусафобіі. Беларускае ў гараджан спазнавалася другім і дадатковым да расейшчыны і супрацьпастаўлялася расейшчыне як горшае. Адсюль і звычка глядзець на беларушчыну звонку, чужымі вачыма. Адсюль і паводзіны, калі на беларушчыну чапляюцца стэрэатыпы, ярлыкі і стыгмы бы на чужое. Адсюль і мадэль паводзін “унутраных экспатаў”, якія ненавідзяць убогую абарыгенскую Беларусь і яе беларушчыну нібы асаднікі. Менавіта таму намёкі на тое, што нехта хоча нашкодзіць Беларусі, выклікаюць у “экспатаў” рогат. Ха, нехта паквапіцца на ўбогую “рэспубліку”?

Якраз адсюль і пагарда да краіны, і навіна пра падвышэнне экспарту беларускіх тавараў на Facebook абрастае смайлікамі з рогатам. (Гэта смешна? У вас няма радасці за краіну? Людзі, што з вамі?) Менавіта таму, калі Беларусь запускае ад свайго імя касмічныя спадарожнікі, хай сабе і створаныя з дапамогай замежжа – ідзе шквал кпінаў уперамешку з ярлыкамі-стэрэатыпамі. Нібы мы абмяркоўваем не сябе, а, напрыклад, далёкую Мексіку, пакепліваючы пры гэтым пра самбрэра і бурытас.

Але ёсць жа і краіны па-за Расеяй і “цывілізаваным” Захадам. Мо беларусы могуць асцерагацца іх? З іншымі свая гісторыя. Бо ва ўнутраных экспатаў і ў карга-культнікаў логіка як на зоне або ў крымінальных трушчобах – свет дзеліцца на блатных і на лохаў. Хоць Беларусь для іх і ўбогая (“лох”), але супрацуюць з блатным Захадам – прэстыжна. А калі ў прэсе пішуць пра супрацу з якой Індыяй ці В’етнамам, то яны адразу ўключаюць “блатное” бачанне, пазнаюць краіны трэцяга свету і зноў рагочуць: фу, супраца з лохамі. І ў думках ці нават уголас усведамляюць: а з кім яшчэ сябраваць убогай Беларусі… А падумаць, што тыя “лохі” маглі б неяк нашкодзіць Беларусі, ім увогуле смешна да колікаў.

А слана-то мы і не заўважылі! Яго вялікасць Кітай. Ён і не Захад. Ён і не расейскі свет. Ён не прасоўвае дэмакратыю і не забаўляе мас-культурай. Ён не сябруе ні з Расеяй, ні з Захадам. І ён не трэці свет у карга-культнай карціне. Гэта звышдзяржава. І ўдзел Кітая ў жыцці Беларусі павялічваецца. Крэдыты, пабудова прадпрыемстваў, удзел у ваенных парадах і нават шыльды з іерогліфамі. Кітай наступае, гэта імперыя.

З боку рэжыму ў Беларусі супраца з ім – гэта шматвектарнасць і пошук крыніц для існавання – каб заручыцца цікаўнасцю самых розных полюсаў, каб балансаваць, каб не залежаць ад кагось аднаго. У пастаянным прыцягненні Кітая ёсць свае рызыкі для нацыі. Аднак супраціўнікі Лукашэнкі іх ігнаруюць. Так, яны адмоўчваюцца “руку Масквы” і “руку Захаду” ці адмаўляюць іх. Маўляў, гэта Лукашэнка выдумаў. Але Кітай – сябра Лукашэнкі, і Кітай паступова звязвае Беларусь рознымі абавязкамі. Пра гэта яны думаюць?

Я лічыў раней, што Лукашэнка не баіцца пускаць Кітай, бо наша розніца з кітайцамі істотная, і пры якім эксцэсе народ без праблем выганіць іншародцаў. А цяпер не ўпэўнены. Бо супраціўнікам Лукашэнкі, якія б маглі яго папракнуць за кітайскае засілле, усё адно. Мо, канцэнтрацыя на змаганні з ўнутраным палітычным супраціўнікам адцягвае іх ад думак пра знешнія пагрозы, як у выпадку з супрацай з расейскімі і заходнімі сіламі, якую яны адмаўляюць? І тады тэарэтычна да іх можа звярнуцца хтосьці з Кітаю з прапановай дапамогі, і яны не ўбачаць у гэтым нічога дзіўнага.

Гучыць непераканаўча, бо Кітай сябруе з Лукашэнкам? Не менш пераканаўча, чым у выпадку з Расеяй. Для дзяржавы няма сяброў і ворагаў – ёсць інтарэсы. Кітай пашырае ўплыў па свеце, як і Расея, і Лукашэнка для Кітаю – адзін з многіх. Дык што перашкаджае супраціўнікам Лукашэнкі гіпатэтычна пайсці на супрацу з тэарэтычным кітайскім добразычліўцам (дэмакратам, алігархам, мецэнатам і г.д.)?

Бадай нічога. І хоць у Кітаі няма дэмакратыі, але яе адсутнасць у Расеі пратэстоўцаў не бянтэжыла. Кітай – камуністычная імперыя, а Расея ў адным кроку ад адраджэння камуністычнага СССР. Рука з Кітая нічым не дзіўнейшая за руку з Расеі. І страшнае тое, што сапсаваныя карга-культам і беларусафобіяй людзі гатовыя ўзяць гэтую руку, каб служыць камуністам у авечых шкурах хоць з Кітаю, хоць з Расеі.

Істотны штрых да ўсёй карціны –“штабы” нават не скардзіліся Байдэну на экспансію Кітаю, якая адбываецца з падачы Лукашэнкі. Зрэшты, нічога дзіўнага.

Віталь Станішэўскі