Хто атрымаў бонусы ад вучэнняў “Захад-2017”?
Палітолаг Андрэй Суздальцаў распавёў, якія дывідэнды ад расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў атрымалі Беларусь, Расея і беларуская апазіцыя.
Андрэй Суздальцаў: Я лічу, што ад вучэнняў не пацярпеў ніхто, прайграўшых тут няма. Напрыклад, беларускаму боку гэтыя вучэнні падвышаюць стаўкі ў перамоўным працэсе з Захадам. На вучэнні афіцыйны Менск запрасіў вялікую колькасць міжнародных назіральнікаў і, магчыма, гэта адна з прычын, чаму Пуцін вырашыў не ехаць у Беларусь. І гэта можа стаць адной з пазіцый падчас гандлю. Але Расея таксама дасягнула сваёй мэты, якая ў супрацьстаянні з Захадам прадэманстравала сваю сілу.
РР: Некаторыя выказвалі апасенні, што расейскія войскі могуць застацца ў Беларусі пасля вучэнняў…
Андрэй Суздальцаў: Гэта поўнае глупства, таму што, каб такое здарылася, беларускім уладам трэба было вельмі пастарацца. Я лічу, што гэта былі проста інфармацыйныя ўкіды. Пераважна яны ішлі з боку апазіцыі, якая, да слова, таксама атрымала ад вучэнняў свае плюсы.
РР: Няўжо і апазіцыя мела бонусы?!
Андрэй Суздальцаў: Апазіцыйныя сілы падчас вучэнняў аб’явілі сябе перадавым атрадам на шляху вайскоўцаў, і, як мне падаецца, поўнасцю адпрацавалі задачу і Захада, і беларускіх уладаў. Бо тыя нешматлікія пікеты нават ніхто і не чапаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя