Хто “ажыўляе” Сталіна?



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі распавядае пра тое, чаму расейцам падабаецца Сталін, а таксама пра стаўленне да гэтай гістарычнай асобы ў Беларусі.

Расейцы назвалі Іосіфа Сталіна самым выбітным чалавекам усіх часоў і народаў. Ён апярэдзіў у гэтым рэйтынгу Аляксандра Пушкіна і Уладзіміра Пуціна.

Лявон Баршчэўскі: Тое, што ў Расеі сёння моляцца на Сталіна, ніякага дзіва няма, таму што прапаганда працуе па сталінскіх рэцэптах, дзе фактычна поўным ходам ідзе ўслаўленне моцнай рукі. Маўляў, Пуцін – гэта сёняшні Сталін, якія пашырыць межы імперыі і дасць Захаду кулаком у зубы. Усё гэта сведчыць пра тое, што ў Расеі па-ранейшаму няма падмурка дэмакратыі, і калі ён будзе, невядома.

РР: Якое, на ваш погляд, заняў бы рэйтынгавае месца Сталін, калі б такое апытанне праводзілася ў Беларусі?

Лявон Баршчэўскі: Хапае і ў нашай краіне сталіністаў, але, мяркую, на першае месца беларусы гэтую асобу не паставілі б.

РР: А ці цікавіцца зараз народ тэмай сталінскіх рэпрэсій, тых жудасных злачынстваў, якія на сумленні “правадыра нацыі”?

Лявон Баршчэўскі: Вось гэта добрае пытанне, таму што ў гісторыі сапраўды адбыўся разрыў пакаленняў. Старэйшыя людзі баяліся распавядаць моладзі пра сталінскія жахі, і ў той жа час ані школа, ні афіцыйная прапаганда гэтага не рабілі і не робяць. Наадварот – гэтыя факты хутчэй замоўчваюцца. Шматгадовая гісторыя з Курапатамі наглядна гэта паказвае. А хлусня – і ёсць падмурак вяртання Сталіна і “добрых савецкіх часоў”. Таму пра тэму рэпрэсій большасць дзяцей і ўнукаў нават і не чулі ад сваіх бацькоў ці дзядоў, бо ў тых сядзеў генетычны страх, каб нешта распавесці. Хлусня і замоўчванне гісторыі – галоўны падмурак для ажыўлення сталінізма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя