Хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце Усходняга партнёрства?
Беларусь яшчэ не вызначылася, хто будзе прадстаўляць краіну на саміце Усходняга партнёрства, які пройдзе 18 чэрвеня ў фармаце відэаканферэнцыі. Пра гэта паведаміла БелаПАН крыніца ў Бруселі.
Суразмоўца ўдакладніў, што першапачаткова саміт планавалася правесці ў Бруселі, але з-за пандэміі COVID-19 фармат мерапрыемства быў зменены.
„Беларусь запрошаная, — сказаў прадстаўнік ЕЗ. — Але мы не атрымалі канчатковай інфармацыі аб тым, хто будзе ўдзельнічаць заўтра”.
Пры гэтым ён адзначыў, што сустрэча запланаваная на роўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў як з боку краін Еўразвяза, так і Усходняга партнёрства.
„Удзельнічаць будуць лідары. Там не будзе магчымасці быць прадстаўленым на міністэрскім узроўні”, — сказаў прадстаўнік ЕЗ.
У МЗС і Савеце міністраў Беларусі БелаПАН не змаглі паведаміць, хто будзе ўдзельнічаць у саміце ад Беларусі. Атрымаць каментар у прэс-сакратара прэзідэнта Наталлі Эйсмант БелаПАН не ўдалося.