Хто паедзе ад Слоніма на Усебеларускі сход
У пятніцу, 15 студзеня, Слонімскі грамадскі актывіст Алесь Масюк падаў у мясцовы райвыканкам і раённы савет дэпутатаў зварот, каб даведацца аб тым, хто са слонімцаў паедзе на VI Усебеларускі народны сход, які павінен адбыцца ў Менску 11-12 лютага гэтага году.
Вось што гаворыцца ў звароце:
“11-12 лютага 2021 года ў Менску запланавана правядзенне VI Усебеларускага народнага сходу з абмеркаваннем пытанняў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі і аб напрамках грамадска-палітычнага развіцця краіны.
12.01.2021. на сайце газеты „Слонімскі веснік” была апублікавана нататка «На VI Усебеларускім народным сходзе Слонімшчыну прадствяць 15 дэлегатаў». У публікацыі, на жаль, не гаворыцца пра тое, калі і кім будуць абірацца дэлегаты ці ўжо абраныя і хто канкрэтна будзе прадстаўляць Слонімшчыну на форуме.
У сувязі з гэтым, на падставе арт. 34. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, хацеў бы даведацца падрабязную інфармацыю аб тым, хто канкрэтна прадставіць Слонімшчыну на форуме, хто і калі будзе абіраць ці ўжо выбраў дэлегатаў.
Прашу для ўсеагульнага азнаямлення апублікаваць на сайце газеты „Слонімскі веснік”, на сайце Слонімскага раённага выканаўчага камітэта Прозвішчы кожнага з 15 дэлегатаў, таксама пазначыць кім і калі кожны дэлегат быў вылучаны для ўдзелу ў VI Усебеларускім народным сходзе” – гаворыцца ў звароце.
Беларускае Радыё Рацыя