Хто патрыёт? Як «Міратворац» падзяліў журналістаў
Цэнтр «Міратворац», які апублікаваў звесткі журналістаў, закрывае свой сайт. Гэта вынікае з паведамлення, якое размешчана на старонцы. Раней сайт апублікаваў персанальныя звесткі каля 4 тысячаў журналістаў з Украіны і сусветных СМІ, якія былі акрэдытаваныя ў так званых «ДНР/ЛНР». Там знайшліся і прозвішчы двух беларусаў – фотакарэспандэнта Associated Press Сяргея Грыца і журналіста Паўла Дабравольскага.
Публікацыя выклікала скандал ва Украіне пераважна з-за таго, што журналістаў на гэтым сайце называлі «пасобнікамі тэрарыстыстаў», а гэта стварыла праблемы – узгадвае Павел Дабравольскі:
– Украінскія журналісты выступілі супраць, бо ўжо некаторым з іх калегаў пачалі паступаць тэлефанаванні з рэальнымі пагрозамі. Чагосьці такога на сабе я не адчуў. Мяне гэта інфармацыя слаба кранае і асабіста я ніякай насцярогі не адчуваю. Па-мойму, гэты сайт не мае ніякага уплыву.
Сайт сваё закрыццё тлумачыць рэакцыяй, якую выклікала публікацыя спісу журналістаў ды патрабаваннямі міжнароднай супольнасці. Зліквідаваць гэтыя спісы на сайце патрабавалі журналісцкая і праваабарончая супольнасці, украінскія і заходнія палітыкі.
Іншыя выказваюцца за захаванне сайта, маўляў, ён выконвае важную функцыю ва ўмовах вайны. Такога меркавання прытрымліваецца кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітрый Тымчук.
– Закрыццё сайта «Міратворац» – гэта адзін з самых моцных удараў па нашай інфармацыйнай бяспецы, з тых, што мы назіралі за апошні час. Мы пытаем, чаму Украіна прайграе інфармацыйную вайну? А менавіта таму, што дзяржаўныя структуры, якія закліканыя займацца і выконваць гэтыя задачы, наадварот губяць валанцёрскія пачаткі, якія існуюць не за дзяржаўны, не за бюджэтны кошт.
„Міратворац” сапраўды ліквідуе сайт, але менавіта скандальныя спісы плануе перанесці на іншыя рэсурсы”, – удакладняе журналістка «Грамадскага тэлебачання», якая сама працавала ў зоне АТА і нават была ў палоне ў луганскіх баевікоў. Больш таго высвятляецца, што з «Міратворцам» звязаныя важныя фігуры з украінскай палітыкі:
„Мы правялі даследванне, – працягвае Наста Станко, – і выявілася, што гэты сайт вельмі блізкі да Міністэрства ўнутранных справаў Украіны, у тым ліку да дарадцы міністра Антона Герашчанкі.
І вось літаральна мы бачым, што і міністр унутраных справаў Арсен Авакаў падтрымлівае сайт «Міратворац» ды хоча, каб ён не закрываўся.
Тут узнікае важнае пытанне: чаму міліцыя, якая павінна бараніць закон, бараніць прыватныя звесткі, наадварот садзейнічае, каб гэтыя звесткі публікаваліся. Усё робіцца для таго, каб раскалоць медыя.
„Нас дзеляць і навешваюць ярлыкі, хто патрыёт, а хто не!” – падсумоўвае Наста Станко. Паводле якой, зараз найбольш важная дыскусія пра якасную журналістыку, а не шуканне ворагаў унутры журналісцкай супольнасці.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Наша Ніва, УНІАН і mediananny.com