Хто пераможа падчас анлайн-галасавання?
Лідар руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч лічыць, што пераможца чарговага этапу праймерыз можа вызначыцца ў апошні дзень галасавання.
Нагадаем, што 30 красавіка заканчваецца анлайн-галасаванне па выбары адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад аб’яднанай правацэнтрысцкай кааліцыі.
Зараз барацьбу вядуць тры кандыдаты – Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў.
Юрась Губарэвіч: На гэты момант Мікалай Казлоў мяне крыху апярэджвае, але ўсё можа вырашыцца ў апошнія дні альбо нават у апошні дзень. Кожная каманда зацікаўлена, каб максімальна прыцягнуць рэзервы, якія засталіся, але не думаю, што за гэтыя тры дні галасавання, што засталіся, у некага з кандыдатаў адбудзецца рэзкі скачок галасоў.
РР: Чаму так мяркуеце?
Юрась Губарэвіч: Кампанія ідзе ўжо больш за месяц і ўсе, да каго можна было звярнуцца, ужо, відаць адгукнуліся.
Зараз проста трэба пераконваць тых, хто паленаваўся зрабіць выбар, альбо прагаласуюць тыя, хто адкладваў галасаванне на апошні дзень. Мяркую, сітуацыя моцна не зменіцца, хаця кожны спадзяецца на перамогу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя