Хто збярэ 100 тысяч подпісаў?



“На фінішы выбарчай кампаніі застанецца столькі кандыдатаў у прэзідэнты, колькі захоча ўлада”, – лічыць палітычны і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка.

Вінцук Вячорка

Мяркуемы перанос прэзідэнцкіх выбараў з лістапада на кастрычнік ставіць дэмакратычных кандыдатаў у больш складаныя ўмовы па зборы подпісаў. Каму з прэтэндэнтаў удасца сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў?

Вінцук Вячорка: Ніякіх выбараў не будзе што ў лістападзе, што ў кастрычніку. І ў гэтым сэнсе не ведаю, каму патрэбна імітаваць збор подпісаў. І каму гэта рэальна зрабіць. Сёння палітычныя змены ў грамадстве выспяваюць па-за псеўдавыбарчымі працэдурамі ўлады.

РР: Але ж збіраць подпісы ўсё роўна будуць…

Вінцук Вячорка: Гэта іх праблемы. Што да ўлады, то яна, думаю, шляхам адміністрацыйнага прымусу прад’явіць тыя подпісы, ад якіх ніхто не адмовіцца. А што да іншых – я не ведаю… Мне проста шкада, што ў сітуацыі, калі вялікая частка грамадства выдатна разумее, што адбываецца на выбарах на самай справе, людзей будуць ізноў дэзарыентаваць такімі “паходамі ў народ”. Збор подпісаў – гэта ўжо як быццам бы сцвярджэнне, што падчас выбараў засталіся нейкія парэшткі дэмакратыі. Хто ў 1984 годзе з удзельнікаў тагачаснага нацыянальнага руху ўсур’ёз думаў пра чарговыя выбары, скажам, у Вярхоўны Савет ад імя блоку камуністаў і беспартыйных? Гэта нікога не абыходзіла, таму што выбары былі пустым рытуалам.

РР: На ваш погляд, колькі на фінішы застанецца кандыдатаў у прэзідэнты?

Вінцук Вячорка: Столькі – колькі захоча ўлада. Колькі ёй патрэбна будзе для свайго сцэнара.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя