Кіеў назваў Генштаб РФ галоўным ідэолагам вайны на Данбасе
Украінскія праваахоўныя органы назвалі начальніка Генштаба Узброеных сілаў Расеі Валерыя Герасімава і яшчэ 10 высокапасадоўцаў расейскага Генштаба галоўнымі ідэолагамі вайны ў Данбасе.
Пра гэта афіцыйна заявілі ў вайсковай пракуратуры Украіны і ў СБУ.
“Ідэолагам развязвання агрэсіўнай вайны на ўсходзе Украіны з’яўляецца кіраўніцтва Генеральнага штаба Расеі. Менавіта генерал Герасімаў і яго падначаленыя вінаватыя ў арганізацыі, падрыхтоўцы і развязванні ўзбройнага канфлікта на тэрыторыі Украіны”, – падкрэсліваецца ў афіцыйнай заяве ўкраінскай вайсковай пракуратуры.
У вайсковай пракуратуры зазначаюць, што генерал Герасімаў і яго падначаленыя датычныя да вайсковых злачынцаў пад Ілавайскам, дзе загінула больш за 500 украінскіх вайсоўцаў. Бліжэйшым часам у адным з кіеўскіх судоў будуць скончаныя ўсе юрыдычныя працыдуры, пасля чаго падазраваныя будуць абвешчаныя ў міжнародны росшук.
У Кіеве неаднаразова заяўлялі, што крэмлёўскія ўлады падтрымліваюць сепаратыстаў на ўсходзе Украіны зброяй і вайсковай тэхнікай, і што на Данбасе ваююць прафесійныя вайскоўцы з Расеі. Крэмль катэгарычна абвяргае гэтыя заявы і напалягае, што за сепаратыстаў ваююць выключна дабраахвотнікі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота RIA Novosti