Кіеў прапанаваў спыніць эканамічную блакаду самаабвешчаных ДНР і ЛНР
Афіцыйны Кіеў прапануе спыніць эканамічную блакаду самаабвешчаных данецкай і луганскай народных рэспублік, заявіў журналістам 5 чэрвеня ў Менску спецпрадстаўнік дзеючага старшыні АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік па выніках чарговага раўнда перамоў.
Гэтую ініцыятыву, паводле яго слоў, агучыў экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, які вярнуўся ў перамоўны працэс у якасці прадстаўніка гэтай краіны, і прадстаўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР падтрымалі гэтую прапанову.
Дыпламат нагадаў, што блакада фактычна дзейнічала з сакавіка 2017 года, і выказаў надзею на паспяховае вырашэнне сітуацыі.
Акрамя таго, паведаміў Сайдзік, па ініцыятыве Кіева бакі „выказалі намер 10 чэрвеня пачаць развядзенне сіл і сродкаў на ўзгодненым участку ў Станіцы Луганскай”. „Гэта было б сапраўдным прагрэсам”, — лічыць Сайдзік.
Ён паведаміў, што паўтарамесячны перапынак у працы ТКГ быў абумоўлены „вядомымі палітычнымі пераменамі ва Украіне”. „Павінен сказаць, перапынак быў патрэбным і карысным”, — сказаў спецпрадстаўнік АБСЕ.
Сённяшнюю дыскусію на пасяджэнні ён назваў канструктыўнай, што „ўсяляе аптымізм”.
Сайдзік, паводле яго слоў, рады таму, што Кучма „вярнуўся ў наш круг”.
Прадстаўнік АБСЕ вітаў таксама прызначэнне новых прадстаўнікоў Украіны ў гуманітарнай падгрупе і новага каардынатара падгрупы па бяспецы — прадстаўніка Турцыі Яшар Халіта Чэвіка.
У падгрупе па гуманітарных пытаннях, адзначыў Сайдзік, прадоўжыліся дыскусіі аб абмене асобамі, якія ўтрымліваюцца, і аб пошуку зніклых без вестак. Эканамічная падгрупа прадоўжыла абмеркаванне аднаўлення водазабеспячэння на Данбасе, палітычная — зноў абмяркоўвала пытанні амністыі, мясцовых выбараў і імплементацыі „формулы Штайнмаера”.
Сайдзік пацвердзіў, што наступнае пасяджэнне ТКГ пройдзе 19 чэрвеня.
Фота SPUTNIK Беларусь