Кіеў: ЗША будуць удзельнічаць у вырашэнні канфлікту на Данбасе і вяртанні Крыма
Віцэ-прэм’ер у пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны Вольга Стэфанішына заявіла, што ЗША будуць удзельнічаць ва ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе і ў пытанні Крыма.
«Я не магу раскрываць дэталі прапаноў. Але я магу пацвердзіць, што ЗША бачаць сваю ключавую ролю ва ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе і вяртанні Крыма. Мы спадзяёмся, што ўжо ў бліжэйшыя месяцы адбудуцца шэраг візітаў, будзе дыскусія на ўзроўні міністраў замежных спраў, дарадцаў па пытаннях бяспекі», — заявіла Стефанішына ў эфіры тэлеканала «Украіна 24» у пятніцу.
Паводле яе слоў, ЗША гатовыя ўдзельнічаць у гэтым працэсе.
«З сённяшняга дня (гэтыя пытанні. — Заўв. рэд.) будуць абмяркоўвацца не толькі ў „нармандскім” фармаце, але і ў больш шырокім фармаце, уключаючы Злучаныя Штаты», — падкрэсліла Стэфанішына.
У суботу ЗША абвясцілі пра новы пакет дапамогі для Украіны ў сферы бяспекі, які ўключае бранябойныя сістэмы «Джавелін» і іншую зброю.
Раней падчас афіцыйнай сустрэчы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн абмеркавалі прыцягненне ЗША да гарантавання бяспекі Украіны. Днём раней міністры абароны Украіны і ЗША падпісалі пагадненне аб стратэгічных асновах абароннага партнёрства.
Паводле «Інтэрфакс-Захад»