Кіраўнік АБСЕ: Дыялог у Беларусі немагчымы да вызвалення ўсіх затрыманых



Дыялог паміж апазіцыяй і дзейным рэжымам у Беларусі немагчымы, пакуль не вызваленыя ўсе затрыманыя палітычныя актывісты і ўдзельнікі пратэстаў, заявіла старшыня АБСЕ міністр замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ 19 студзеня на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўніком МЗС Украіны.

Швецыя сёлета старшынюе ў АБСЕ. Ліндэ 19—20 студзеня ў межах свайго першага візіту на гэтай пасадзе знаходзіцца ў Кіеве.

„І, вядома, адкрытым застаецца пытанне, якім чынам мы можам дапамагчы лідарам апазіцыі, такім як Святлана Ціханоўская <…>, і спрыяць у рамках нашай арганізацыі дыялогу паміж беларускай апазіцыяй і дзейным рэжымам. Я абмяркоўвала гэтае пытанне з кіраўніком МЗС Беларусі і лідарамі апазіцыі. На жаль, гэты дыялог цяпер немагчымы, бо, па-першае, павінны быць вызваленыя ўсе асобы, якія былі затрыманыя”, — сказала Ліндэ на брыфінгу, відэатрансляцыю якога размясціла ўкраінскае МЗС.

Пры гэтым яна нагадала аб рэкамендацыях АБСЕ ў рамках Маскоўскага механізму па меркаваных парушэннях правоў чалавека, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 9 жніўня 2020 года.

У прыватнасці Ліндэ адзначыла, што ў Маскоўскім механізме АБСЕ прадугледжана больш за 80 прапаноў, над якімі „збіраецца працаваць” новае старшынства ў АБСЕ.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская 18 студзеня на анлайн-сустрэчы з пасламі ЕС у АБСЕ прапанавала гэтай структуры ўзяць на сябе арганізацыю інклюзіўнага дыялогу для вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі.

Ціханоўская прапанавала АБСЕ стварыць кантактную пляцоўку і на першым этапе правесці экспертны круглы стол з удзелам ЕС, дэмакратычных сіл Беларусі, прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу і прадстаўнікоў Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле слоў Ціханоўскай, БДІПЧ АБСЕ — цэнтральная арганізацыя, якая можа дапамагчы ў арганізацыі новых свабодных выбараў згодна з міжнароднымі стандартамі і пад міжнародным назіраннем.

Паслы АБСЕ і Ціханоўская таксама абмеркавалі рэалізацыю Маскоўскага механізму АБСЕ і „стварэнне міжнароднага органа па расследаванні злачынстваў рэжыму Лукашэнкі”, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы экс-кандыдата ў прэзідэнты.

Праз некалькі дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, што адбыліся 9 жніўня, на той момант старшыня АБСЕ прэм`ер-міністр Албаніі Эдзі Рама накіраваў беларускім уладам ліст з просьбай арганізаваць візіт для яго і будучага старшыні арганізацыі Ан Ліндэ для сустрэчы з прадстаўнікамі ўрада і апазіцыі.

Пазней Рама і Ліндэ накіравалі Лукашэнку сумесны ліст, у якім зноў прапанавалі пасрэдніцтва ў вырашэнні ўнутрыпалітычнага крызісу, а таксама заявілі пра гатоўнасць прыехаць у краіну, каб выслухаць меркаванні аб сітуацыі, якая склалася, і абмеркаваць надзённыя выклікі.

Беларускі бок гэтыя прапановы не прыняў.

belapan.by

Фота eadaily.com