Кіраўнік Адміністрацыі Косінец адпраўлены ў адстаўку
Аляксандр Косінец вызвалены ад пасады кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі ў сувязі з пераходам на іншую працу. Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 снежня, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Адначасова Аляксандр Лукашэнка вызваліў Канстанціна Мартынецкага ад пасады першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі ў сувязі з пераходам на іншую працу.
Выканаўцам абавязкаў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта прызначаны Валерый Міцкевіч. Раней ён працаваў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі.
52-гадовы Валерый Вацлававіч Міцкевіч паходзіць з Ліды (Гарадзенская вобласць), пачынаў працоўную кар’еру як суддзя, а ў Адміністрацыю прыйшоў з пасады старшыні суда Менскага раёна. У прэзідэнтуры ён курыраваў заканатворчую дзейнасць.
Цікава, што вуліца Чапаева, на якой у Лідзе нарадзіўся Міцкевіч, цяпер называецца вуліцай Князя Гедыміна.
57-гадовы Аляксандр Косінец адпрацаваў на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі трохі менш за 2 гады. Да таго ён быў кіраўніком Віцебскага аблвыканкама, віцэ-прэм’ерам і рэктарам Віцебскага ўніверсітэта, паведамляе nn.by.