Лукашэнка раскрытыкаваў Еўразійскі эканамічны саюз



Пасля пасяджэння вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое напярэдадні прайшло ў Маскве ,  Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на тое, што нават у рамках адной арганізацыі Расея дзейнічае супраць Беларусі. Лукашэнка  ў той жа дзень  падкрэсліў, што Менск заўсёды гатовы падставіць плячо Маскве і не плануе нічога  адціскаць у Расеі, скарыстаўшыся яе складаным эканамічным становішчам.

Такія паводзіны Лукашэнкі не здзіўляюь, асабліва перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі – кажа сустаршыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

– Я думаю, што Лукашэнка дзейнічае настолькі, наколькі яму дазваляе Крэмль. І ў той жа час яму трэба круціцца, як “вужаку на патэльні”, бо эканамічная сітуацыя рэзка пагаршаецца. Падзенне роўня дабрабыту насельніцтва для яго вызаве вельмі негатыўныя наступствы ў 2015 годзе, у год наступных прэзідэнцкіх выбараў. Таму ён прымае ўсе меры, каб неяк улагодзіць сітуацыю.

У Маскве таксама Лукашэнка зрабіў гучную заяву адносна свайго ўдзелу ў бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах. Кіраўнік Беларусі заявіў, што не паддасца ніякаму ціску і пераможа на прэзідэнцкіх выбарах, «калі гэтага захоча».

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што абмежаванне Расеяй транзіту тавараў з Беларусі было ўведзенае без узгаднення з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і без ведама Еўразійскай эканамічнай камісіі.

„Насуперак усім міжнародным нормам нам забаранілі транзіт тавараў з беларускай тэрыторыі. Гэта ўсё зроблена ў аднабаковым парадку, без якіх-небудзь кансультацый, мінаючы Еўразійскую эканамічную камісію і, больш за тое, як стала вядома ў выніку сённяшніх перамоў з Уладзімірам Уладзіміравічам, без яго згоды”, — цытуе РБК Лукашэнку, які выступіў 23 снежня ў Маскве на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Лукашэнка таксама крытычна адгукнуўся аб наяўным стане еўразійскай інтэграцыі. „Плюсы нашага саюза відавочныя, на іх я спыняцца не буду. Што да нявырашаных пытанняў, то свабоднага руху тавараў у нас у поўным аб’ёме пакуль як не было, так і няма, і ўтойваць нам гэта няма чаго”, — дадаў беларускі кіраўнік.

Паводле інфармацыі РИА Новости, Лукашэнка заявіў, што абмеркаваў з Пуціным праблемы, якія тычацца двухбаковых адносінаў.

У лістападзе Рассельгаснагляд абвясціў больш жорсткія ўмовы транзіту расліннай прадукцыі з Беларусі ў сувязі з падазрэннямі ў рээкспарце тавараў з краін ЕС. Пазней была ўведзеная забарона на ўвоз у Расею прадукцыі шэрагу беларускіх мясакамбінатаў і птушкафабрык.

Фота msn.com