Кіраўнік Еўракамісіі: Наплыў мігрантаў у Літву з’яўляецца палітычна матываваным



Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен падчас візіту ў Вільню заявіла, што наплыў нелегальных мігрантаў у Літву з тэрыторыі Беларусі з’яўляецца палітычна матываваным.

„Мы назіраем пэўную мадэль, палітычна матываваную мадэль. Еўракамісія і Еўразвяз з вамі ў гэты складаны перыяд. Я прэзідэнту і прэм’ер-міністру казала, што праз Frontex мы акажам больш дапамогі, яны ўжо тут. Мы павялічым гэтую дапамогу”, — прыводзіць словы старшыні ЕК рэсурс навінаў Delfi.

Паводле яе слоў, дапамогу Літве акажуць і праз бюро бежанцаў. „Гэта асаблівая сітуацыя, таму мы павінны думаць і пра незапланаваныя, тэрміновыя фонды, якія ў гэтым могуць дапамагчы”, — сказала Урсула фон дэр Ляен.

Яна падкрэсліла, што клопаты і праблемы Літвы — гэта „клопаты і праблемы” ўсёй Еўропы. „Я хачу ясна сказаць пра гэта. У гэты цяжкі перыяд мы з вамі”, — запэўніла старшыня Еўракамісіі.

Перад прэс-канферэнцыяй 2 ліпеня Урсула фон дэр Ляен сустракалася з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам і прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманіце і абмеркавала новыя выклікі нелегальнай міграцыі.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Літвы, падчас сустрэчы ў ліку іншага абмяркоўваліся новыя праблемы нелегальнай міграцыі. Наўседа адзначыў, што пры дапамозе мігрантаў беларускі рэжым спрабуе ўзмацніць націск не толькі на Літву, але і Еўрапейскі звяз. Неабходна таксама сумеснымі намаганнямі павышаць кантроль на ўсходняй мяжы ЕЗ, падкрэсліў ён.

Падчас перамоў прэзідэнт Літвы падняў пытанне Беларускай АЭС і нагадаў пра пагрозу, якую яна ўяўляе для ўсяго Еўрасаюза, а таксама падкрэсліў неабходнасць эфектыўнага выканання прынятых Еўрапейскім саветам рашэнняў па прадухіленні паступлення на рынак ЕЗ электраэнергіі ад вытворцаў з трэціх краін, якія не выконваюць міжнародныя патрабаванні ядзернай бяспекі.

2 чэрвеня Літва абвясціла рэжым экстрэмальнай сітуацыі ў сувязі з патокам нелегалаў з Беларусі. Такі рэжым палегчыць прававое забеспячэнне неабходных дзеянняў і каардынацыю намаганняў органаў улады, прыцягненне дадатковых сіл, у тым ліку выкарыстанне сродкаў дзяржрэзерву, адзначаецца ў паведамленні МУС Літвы.

Паводле дадзеных літоўскай памежнай службы, сёлета 938 нелегальных мігрантаў спрабавалі трапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі. Гэты паказчык амаль у 12 разоў вышэйшы за той, што быў у 2020 годзе.

Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня заявіў, што ў Беларусі з-за санкцый няма ні грошай, ні сіл на тое, каб стрымліваць незаконных мігрантаў.

„Я шчыра сказаў, што мы не будзем больш трымаць тых, каго вы гнабілі ў Афганістане, Іране, Іраку. У нас няма на гэта ні грошай, ні сіл у выніку вашых санкцый. І, разумееце, ніхто не ведае, што адбываецца ў Літве і на мяжы, гэта проста факт”, — сказаў Лукашэнка на ўрачыстым сходзе ў гонар Дня незалежнасці.

belapan.by