Кіраўнік Еўракамісіі: Народ Беларусі — не фігура на чыёйсьці шахматнай дошцы



Еўразвяз — на баку народа Беларусі, заявіла прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, выступаючы 16 верасня ў Еўрапарламенце.

„Выбары, з-за якіх людзі выйшлі на вуліцу, не былі ні сумленнымі, ні свабоднымі. А жорсткі адказ уладаў на гэта — ганебны”, — сказала яна (відэатрансляцыя выступу вялася на сайце Еўрапарламента).

Фон дэр Ляен падкрэсліла, што народ Беларусі „павінен атрымаць права самастойна выбіраць сваю будучыню для сябе”. „Ён — не фігура на чыёйсьці шахматнай дошцы”, — адзначыла кіраўнік Еўракамісіі.

Яна таксама заявіла, што ў ЕЗ захапляюцца мужнасцю і адвагай беларусаў, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту.

Напярэдадні ў Еўрапейскім парламенце прайшло абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі. Выступаючы перад еўрадэпутатамі, вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў:”Сітуацыя ў Беларусі для нас ясная. Мы лічым выбары, якія прайшлі 9 жніўня, сфальсіфікаванымі. Лукашэнка для нас не з`яўляецца легітымным прэзідэнтам Беларусі”.

Паводле яго слоў, ЕЗ працягвае працу над увядзеннем санкцый у дачыненні да тых, хто адказны за фальсіфікацыю выбараў і гвалт у дачыненні да мірных грамадзян. „Маем намер прыняць іх як мага хутчэй. Яны павінны быць прынятыя да наступнага пасяджэння Еўрапейскага звяза”, — дадаў Барэль.

Надзвычайнае пасяджэнне Еўрапейскага звяза запланаванае на 24—25 верасня.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ падкрэсліў, што беларускія ўлады павінны спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх грамадзян і пачаць шырокамаштабны дыялог з грамадствам. На яго думку, пачатку такога дыялогу магла б спрыяць назіральная місія АБСЕ. „Аднак мы не змаглі звязацца з беларускімі ўладамі ні на якім узроўні”, — дадаў ён.

Барэль нагадаў, што Еўразвяз выдзеліў фінансавыя сродкі на падтрымку беларускага народа, у тым ліку для дапамогі пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў, і на падтрымку недзяржаўных СМІ.

Паводле слоў кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі, ЕЗ таксама цалкам перагледзіць свае адносіны з Беларуссю. Вызначаныя сферы, у якіх кантакты могуць быць скарочаныя або спыненыя цалкам, сказаў Барэль.

belapan.by