Кіраўнік Еўракамісіі: Выкарыстанне мігрантаў у палітычных мэтах непрымальнае



„Беларусь павінна спыніць ставіць пад небяспеку жыццё людзей. Выкарыстанне Беларуссю мігрантаў у палітычных мэтах непрымальнае”, — гаворыцца ў заяве прэзідэнта Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, апублікаванай 8 лістапада на сайце ЕК.

„Беларускія ўлады павінны разумець, што націск на Еўрапейскі звяз з дапамогай цынічнай інструменталізацыі мігрантаў не дапаможа ім дамагчыся поспеху ў сваіх мэтах”, — падкрэсліла яна.

Паводле слоў фон дэр Ляен, сёння, 9 лістапада, яна правяла гутаркі з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім, прэм’ер-міністрам Літвы Інгрыдай Шыманіце і прэм’ер-міністрам Латвіі Крыш’янісам Карыньшам, каб выказаць салідарнасць Еўразвяза і абмеркаваць з імі меры, якія ЕЗ можа прыняць для падтрымкі іх намаганняў па пераадоленні міграцыйнага крызісу.

„Я заклікаю дзяржавы — члены ЕЗ канчаткова зацвердзіць пашыраны рэжым санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў, адказных за гэтую гібрыдную атаку”, — сказала кіраўнік Еўракамісіі.

Яна таксама паведаміла, што віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Маргарыціс Схінас у каардынацыі з вярхоўным прадстаўніком ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем „найбліжэйшымі днямі накіруецца ў асноўныя краіны паходжання і транзіту [мігрантаў], каб пераканацца, што яны прымаюць меры, каб не дапусціць трапляння сваіх грамадзян у пастку, усталяваную беларускімі ўладамі”.

„ЕЗ, у прыватнасці, вывучыць пытанне аб тым, як прымяняць санкцыі, у тым ліку шляхам унясення ў чорны спіс авіякампаній трэціх краін, якія актыўна займаюцца гандлем людзьмі, — сказала фон дэр Ляен. — Еўракамісія сумесна з ААН і яе спецыялізаванымі ўстановамі таксама вывучыць пытанне аб тым, як прадухіліць развіццё гуманітарнага крызісу і арганізаваць бяспечнае вяртанне мігрантаў у краіну іх паходжання пры падтрымцы іх нацыянальных уладаў”.

Раніцай 8 лістапада ў тэлеграм-каналах з’явіліся відэазапісы таго, як вялікая калона мігрантаў рухалася ўздоўж трасы да мяжы з Польшчай. Іх суправаджалі людзі ў камуфляжнай форме.

Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі заявіў, што „на такі крок адчаю бежанцаў падштурхнула абыякавасць і бесчалавечнае стаўленне польскіх уладаў”. „Беларускім бокам прымаюцца неабходныя меры для забеспячэння бесперабойнага функцыянавання каналаў міжнародных зносін, а таксама бяспекі людзей, якія рухаюцца па аўтамагістралі”, — адзначылі ў камітэце.