Кіраўнік Еўрапарламента: Ужыванне ўладамі Беларусі сілы павінна мець наступствы



Старшыня Еўрапейскага парламента Давід Сасолі распаўсюдзіў заяву з заклікам да Аляксандра Лукашэнкі спыніць гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў.

„Я заклікаю прэзідэнта Лукашэнку спыніць гвалт і неадкладна вызваліць затрыманых. Жыхары Беларусі маюць права на пратэст”, — напісаў Сасолі 13 жніўня ў сваім „Твітэры”.

„Ужыванне грубай сілы дзяржаўнымі ўладамі павінна мець наступствы ў адпаведнасці з міжнародным правам”, — падкрэсліў кіраўнік Еўрапарламента.

Раней больш за два дзясяткі дэпутатаў Еўрапарламента ў сумеснай заяве падкрэслілі, што беларускі рэжым перайшоў чырвоную рысу, ужыўшы беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні да сваіх грамадзян, якія патрабуюць свабоды і дэмакратычных пераўтварэнняў.

„З-за абмежавання і парушэння беларускім рэжымам асноўных свабод, правоў чалавека і ашуканскіх працэдур выбараў мы не прызнаем прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 9 жніўня ў Беларусі, ні як свабодныя і справядлівыя, ні як законныя”, — гаворыцца ў заяве.

belapan.by