Кіраўнік Еўрапейскай рады абмеркаваў з Пуціным Беларусь
Сітуацыя ў Беларусі стала адной з тэм тэлефоннай размовы паміж кіраўніком Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем і прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
Мішэль пацвердзіў афіцыйную пазіцыю Еўразвязу з нагоды прымусовай пасадкі самалёта Ryanair беларускімі ўладамі і праінфармаваў расейскага прэзідэнта аб санкцыях, уведзеных Еўразвязам у сувязі з інцыдэнтам, паведамляе сайт Еўрапейскай рады, перадае БелаПАН.
Ён падкрэсліў, што беларускім уладам неабходна „вызваліць палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі і гвалт і пачаць усебаковы нацыянальны дыялог». Расея, паводле яго слоў, можа згуляць важную ролю ў справе мірнага ўрэгулявання крызісу ў Беларусі. У сваю чаргу прэс-служба Крамля паведамляе: «У сувязі з распачатымі Еўразвязам дадатковымі мерамі санкцыйнага ціску на Беларусь Уладзімір Пуцін падкрэсліў контрпрадуктыўнасць такога падыходу, як і ў цэлым любых спробаў умяшальніцтва ва ўнутраныя справы гэтай суверэннай дзяржавы».
Як паведамлялася, Уладзімір Пуцін і яго амерыканскі калега Джо Байдэн могуць абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі на сустрэчы 16 чэрвеня ў Жэневе.
Беларускае Радыё Рацыя