Кіраўнік Еўразвяза: ЕЗ салідарны з народам Беларусі і не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў
Еўрапейскі звяз салідарны з беларускім народам і не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў, заявіў кіраўнік Еўрапейскага савета Шарль Мішэль 19 жніўня на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў пазачарговай сустрэчы савета, на якой абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі.
„Сёння мы сустрэліся ў рэжыме відэаканферэнцыі, каб абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі, якая ўсё больш трывожыць, і даслаць выразны сігнал: Еўрапейскі саюз салідарны з народам Беларусі, і мы не прызнаем беспакаранасці, — сказаў Мішэль. — 9 жніўня ў Беларусі прайшлі выбары. Гэтыя выбары не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Яны не адпавядалі міжнародным стандартам. Мы не прызнаем вынікі, абвешчаныя беларускімі ўладамі”.
Мішэль адзначыў, што беларускі народ „заслугоўвае лепшага”. „Народ заслугоўвае дэмакратычнага права выбіраць свайго лідара і вырашаць сваю будучыню, — сказаў ён. — У выніку гэтых выбараў беларусы выйшлі на вуліцы, каб выказаць свой пратэст, быў абвешчаны страйк. Выйшлі сем’і, студэнты, рабочыя. Гвалт супраць гэтых мірных пратэстоўцаў быў шакавальным і непрымальным. Мы асуджаем гэтую жорсткасць і патрабуем правесці дбайнае і адкрытае расследаванне. Гвалт павінен быць неадкладна спынены, уключаючы любыя рэпрэсіі і насілле ў дачыненні да тых, хто спрабуе наладзіць нацыянальны дыялог”.
Кіраўнік Еўразвяза таксама падкрэсліў, што СМІ павінны мець магчымасць свабодна асвятляць падзеі, якія адбываюцца.
„Пратэсты ў Беларусі не тычацца геапалітыкі, — сказаў Мішэль. — Гэта ў першую чаргу нацыянальны крызіс. Гэта аб праве людзей свабодна выбіраць кіраўніцтва краіны. Мы падтрымліваем права беларускага народа вырашаць свой лёс”.
Еўразвяз, паводле яго слоў, хутка ўвядзе санкцыі да тых, хто адказны за гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян, а таксама за фальсіфікацыю выбараў.
„Мы заклікаем беларускія ўлады знайсці мірны шлях выйсця з крызісу, спыніўшы гвалт і распачаўшы нацыянальны дыялог, — сказаў Мішэль. — Усе бакі павінны падтрымліваць гэты мірны шлях. Мы працягнем уважліва сачыць за сітуацыяй і гатовыя прыкласці ўсе намаганні для таго, каб гэты крызіс вырашыўся мірна”.
„Я хацеў бы наўпрост звярнуцца да народа Беларусі: мы на вашым баку і падтрымліваем вашы правы на дэмакратыю і жаданне мірнай дэмакратычнай і шчаслівай будучыні”, — падкрэсліў кіраўнік Еўрапейскага савета.
На пытанне, ці будуць уведзеныя санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, Мішэль адказаў: „Цяпер трэба, каб рашэнне аб санкцыях прайшло праз некаторыя інстанцыі ў Еўрасаюзе. Найбліжэйшым часам мы вынесем санкцыі супраць некаторай колькасці вінаватых у гвалце, і я думаю, што гэта будзе тычыцца і Аляксандра Лукашэнкі”.
Каментуючы сваю размову з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 18 жніўня, Мішэль сказаў: „Учарашнія перамовы з Пуціным далі мне магчымасць выказаць пазіцыю, што трэба пачаць нацыянальны дыялог. І я падкрэсліваю, што мы хацелі б пазбегнуць любога знешняга ўмяшання ў гэтыя справы, якое было б негатыўным. Пра гэта мы гаварылі з Пуціным, і Крэмль таксама зрабіў заяву, што Расія не мае намеру ўмешвацца ў сітуацыю ў Беларусі”.
belapan.by
Фота: EPA